Четверг, 7 ноября 2024

Лукашэнка прыняў рашэнне аб назначэнні Аляксандра Ягорава намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта

34

Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне аб назначэнні Аляксандра Ягорава намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі. У Палацы Незалежнасці Прэзідэнт правёў з ім рабочую сустрэчу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Пытанне звязана з мадэрнізацыяй сістэмы кантролю і кіравання эканамічнымі працэсамі ў краіне. У нас склаўся нядрэнны такі пул і група эканамістаў. І ва ўрадзе (фінансістаў-эканамістаў), і ў нашым Нацыянальным статыстычным камітэце, і гэтак далей, — сказаў Прэзідэнт. — І Адміністрацыя Прэзідэнта ў гэтым плане будзе таксама мадэрнізавана. Адміністрацыя — штаб Прэзідэнта. Палітычны штаб. Але пытанні кадравай, ідэалагічнай, эканамічнай работы, і прававой таксама — гэта асаблівы напрамак».

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, пытанні, звязаныя з аналізам і кантролем, у тым ліку за выкананнем даручэнняў Прэзідэнта, прынятых па выніках нарад з членамі ўрада і эканамістамі, часам рэалізуюцца не ў поўнай меры.

«Таму, зразумела, патрэбна вось такая сур’ёзная прапрацоўка групай спецыялістаў, якая магла б бачыць гэтыя працэсы», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Тое ж самае ў кадрах, ідэалагічнай рабоце і гэтак далей. Гэта мае пытанні, вядома. І тут сур’ёзна будзе ўсё мадэрнізавана. І ўвесь гэты блок у плане кантролю, недзе і кіравання эканомікай, і фінансы будуць выведзены на Адміністрацыю Прэзідэнта», — заявіў беларускі лідар.

Ён таксама растлумачыў, з чым звязаны выбар кандыдатуры Аляксандра Ягорава: «Вы чалавек зусім малады. Вы бачыце маю палітыку аб тым, што пакаленні мяняюцца, прыходзяць новыя людзі. Гэта так павінна быць. Застылага нічога быць не павінна. Я падумаў аб тым, каб вось гэту піраміду замкнуць на намесніка кіраўніка Адміністрацыі. Але патрэбны малады такі свежы погляд на гэта. Я сур’ёзна вывучаў вашу кандыдатуру і біяграфію».

Кіраўнік дзяржавы таксама папярэдзіў Аляксандра Ягорава, што яму трэба быць гатовым да таго, каб выказваць і альтэрнатыўны пункт гледжання.

«Ведаю вашы адносіны з некаторымі начальнікамі. Некаторых потым вам, калі вы будзеце працаваць, і мы прымем такое рашэнне, давядзецца ўзяць і на кантроль. І недзе выказаць сваё меркаванне, якое не супадае з меркаваннем і ўрада, міністраў і іншых. І Нацыянальнага банка. Таму трэба быць да гэтага гатовым», — сказаў Прэзідэнт.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка адзначыў банкаўскі вопыт Аляксандра Ягорава.

«Вы — банкір. Тады мне не трэба будзе браць памочніка Прэзідэнта па банкаўскай сферы», — сказаў ён.

Да гэтага часу Аляксандр Ягораў займаў пасаду старшыні праўлення ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь».

БЕЛТА