Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў даверчыя граматы паслоў 11 замежных краін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Даверчыя граматы кіраўніку беларускай дзяржавы ўручылі паслы Казахстана, Венгрыі, Егіпта, Зімбабвэ, Экватарыяльнай Гвінеі, Анголы, Уганды, Камбоджы, Філіпін, Іарданіі і Калумбіі.
Аляксандр Лукашэнка прывітаў дыпламатаў на цудоўнай, дружалюбнай і гасціннай беларускай зямлі: «Спадзяюся, што гэта дыпламатычная работа будзе садзейнічаць збліжэнню нашых народаў, дапаможа развіццю па-сапраўднаму дружалюбных міждзяржаўных адносін».
Прэзідэнт заўважыў, што паслы пачынаюць выкананне сваёй місіі ў вельмі няпросты перыяд: «Сёння ўвесь свет знаходзіцца на складаным шляху фарміравання новай структуры міжнародных адносін, якая няўхільна рухаецца да шматпалярнасці. Гэты працэс неабарачальны, як бы камусьці ні хацелася інакш. Цяпер выбудоўваецца новы, на мой погляд, больш справядлівы і разумны парадак узаемадзеяння ўсіх, а не выбраных дзяржаў на прынцыпах павагі і партнёрства».
Прытрымліваючыся існуючай традыцыі, Прэзідэнт коратка спыніўся на ўзаемадзеянні Беларусі з краінамі, якія прадстаўляюць замежныя дыпламаты.
Аб Казахстане
Аляксандр Лукашэнка назваў Казахстан блізкай для Беларусі, братэрскай дзяржавай, стратэгічным партнёрам і саюзнікам. «Нас звязвае агульная гісторыя, развітыя гандлёвыя і гуманітарныя сувязі. Дружалюбныя адносіны на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў даюць магчымасць абмяркоўваць любыя пытанні без абмежаванняў, — сказаў Прэзідэнт. — Мы будзем рады ў гэтым годзе вітаць (у Беларусі. — Заўвага БЕЛТА) Прэзідэнта Касым-Жамарта Кемелевіча Такаева для прадаўжэння дыялогу па шырокім спектры тэм двухбаковага і міжнароднага парадкаў дня».
Аб Венгрыі
«Венгрыя — даўні і надзейны сябар Беларусі, адносіны з якім, прайшоўшы выпрабаванне часам, выбудоўваюцца на прагматычнай і ўзаемапаважлівай аснове», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Ён асабліва адзначыў прапановы і ініцыятывы Будапешта па бяспецы і мерах даверу ў Еўропе. «Гатовы да прадаўжэння дыялогу з Венгрыяй у мэтах дээскалацыі напружанасці ў рэгіёне шляхам вырашэння спрэчных пытанняў толькі мірнымі перагаворамі», — заявіў беларускі лідар.
Аб краінах Афрыкі
Заўважыўшы, што на цырымоніі ўручэння даверчых грамат прысутнічае прадстаўнічая група паслоў з краін Афрыкі, Прэзідэнт падкрэсліў: «Мы гэта разглядаем як прамое пацвярджэнне нашага ўзаемнага інтарэсу».
Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што тут, у Беларусі, дыпламаты гэтых краін заўсёды могуць разлічваць на раўнапраўнае і ўзаемавыгаднае для ўсіх бакоў супрацоўніцтва: «Запрашаю вас як мага часцей бываць у Беларусі, прывозіць з сабой афіцыйныя дэлегацыі і прадстаўнікоў дзелавых колаў. Нашы дзверы для вас заўсёды адчынены. Мы верым у ваш кантынент і ўскладаем на яго вялікія надзеі».
Аб Егіпце
Звяртаючыся да пасла Егіпта, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што шчыра рады прыбыццю ў Мінск кіраўніка дыпмісіі дзяржавы, якая з’яўляецца адным з ключавых партнёраў Беларусі ў Паўночнай Афрыцы. «Нас звязваюць добрыя асабістыя кантакты з Прэзідэнтам аль-Сісі, сумесныя эканамічныя праекты, — сказаў беларускі лідар. — Мы разлічваем на прадаўжэнне нашых агульных напрацовак на рынкі іншых дзяржаў Афрыкі, а таксама на больш актыўную работу на прасторы Еўразійскага эканамічнага саюза».
Аб Зімбабвэ
Вітаючы першага ў гісторыі двухбаковых адносін пасла Зімбабвэ, Прэзідэнт адзначыў, што супрацоўніцтва з Харарэ з’яўляецца пераканаўчым прыкладам таго, як Мінск узаемадзейнічае з краінамі Афрыканскага кантынента.
«Сумесна з Прэзідэнтам Мнангагвам мы вызначылі вельмі амбіцыйныя задачы на бліжэйшыя гады. Перакананы, што пасол прадоўжыць і прыкладзе ўсе намаганні для поўнай рэалізацыі дасягнутых дамоўленасцей», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Аб Экватарыяльнай Гвінеі
Гаворачы аб супрацоўніцтве з Экватарыяльнай Гвінеяй, Прэзідэнт Беларусі згадаў пра нядаўні візіт у Мінск Прэзідэнта гэтай краіны: «Праведзеная шчырая размова пацвердзіла, што афрыканскія дзяржавы маюць намер пакінуць у мінулым ролю сыравінных прыдаткаў і імкнуцца да індустрыялізацыі эканомікі. Мы ў гэтым будзем вам добрымі памочнікамі».
Паколькі выкананне ўзгодненых планаў запатрабуе падтрымання высокага тэмпу двухбаковых кантактаў, Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што пасол Экватарыяльнай Гвінеі будзе частым госцем у беларускіх міністэрствах і на прадпрыемствах, а калі неабходна — ва ўрадзе і Палацы Незалежнасці. «Мы да гэтага гатовы», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аб Анголе
Сувязі Беларусі з Анголай маюць даўнюю гісторыю, заўважыў Прэзідэнт. Ён таксама акрэсліў значны патэнцыял для больш істотнага росту тавараабароту і пацвердзіў зацікаўленасць Беларусі ў актывізацыі двухбаковага палітычнага дыялогу, супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай і іншых сферах.
Аб Угандзе
Адным з перспектыўных партнёраў Беларусі ў Афрыцы Аляксандр Лукашэнка назваў Уганду. «Мы маглі б істотна прыбавіць у гандлі, больш актыўна ўзаемадзейнічаць у сферах сельскай гаспадаркі, медыцыны, адукацыі, падрыхтоўкі кадраў, — перакананы кіраўнік дзяржавы. — Гатовы пастаўляць нашу тэхніку, якасныя прадукты. Упэўнены, што з удзелам новага пасла гэтыя і многія іншыя тэмы атрымаюць далейшае развіццё».
Аб Камбоджы
«Умацоўваючы шматпланавае супрацоўніцтва з усімі дзяржавамі свету, Беларусь прадаўжае актыўны рух на Усход», — канстатаваў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, адным з прыярытэтаў Беларусі ў Паўднёва-Усходняй Азіі з’яўляецца Каралеўства Камбоджа: «Бачым магчымасці для значнага пашырэння двухбаковай кааперацыі ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, мадэрнізацыі інфраструктуры».
Аб Філіпінах
«Нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, разглядаем Рэспубліку Філіпіны ў якасці значнага для нашай краіны партнёра», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў гатоўнасць Беларусі ўзаемадзейнічаць з Манілай у сферы харчовай бяспекі, уключаючы перадачу вопыту ў стварэнні аграпрамысловых холдынгаў, якія ажыццяўляюць як вытворчасць, так і перапрацоўку сельскагаспадарчай прадукцыі.
Аб Іарданіі
Прэзідэнт падкрэсліў зацікаўленасць Беларусі ў далейшым пашырэнні кола партнёраў на Блізкім Усходзе. У сувязі з гэтым ён звярнуў увагу, што Іарданія мае заслужаны міжнародны аўтарытэт і выступае як краіна-міратворац у рэгіёне.
«Такія падыходы блізкія і Беларусі. Я перакананы: нашы краіны маюць усе перадумовы для больш актыўнага супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай, адукацыйнай, навуковай, культурнай, турыстычнай і іншых сферах. Гэта ў поўнай меры адпавядае інтарэсам абедзвюх дзяржаў», — заявіў ён.
Аб Калумбіі
Важным партнёрам Беларусі ў Лацінскай Амерыцы Аляксандр Лукашэнка назваў Калумбію, якая праводзіць цяпер больш узважаную і незалежную палітыку ў міжнародных справах.
«Супадаючыя падыходы Мінска і Багаты адносна нелегітымных абмежаванняў і ацэнкі сітуацыі ў свеце адкрываюць новыя магчымасці для актывізацыі дыялогу на ўсіх узроўнях, пашырэння гандлю і ўзаемадзеяння ў іншых сферах», — перакананы кіраўнік дзяржавы.