Воскресенье, 12 января 2025

Лукашэнка прымае ўдзел у саміце ЕАЭС у Санкт-Пецярбургу

59

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прымае ўдзел у саміце Еўразійскага эканамічнага саюза ў Санкт-Пецярбургу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Мерапрыемства праводзіцца ў Прэзідэнцкай бібліятэцы імя Барыса Ельцына. Установа размешчана ў цэнтры Санкт-Пецярбурга ў гістарычным будынку Сінода на Сенацкай плошчы. Будынак бібліятэкі даволі часта выкарыстоўваецца для правядзення такіх сустрэч і самітаў.

У парадку дня саміту больш за два дзясяткі пытанняў, якія ў тым ліку датычацца ключавых напрамкаў далейшага развіцця інтэграцыйных працэсаў у ЕАЭС, міжнароднай дзейнасці, макраэканамічнай палітыкі, работы па ўстараненні бар’ераў, скарачэнні выключэнняў і абмежаванняў на ўнутраным рынку саюза.

«Трэба будзе адобрыць падрыхтаваны па ініцыятыве расійскага боку праект дэкларацыі аб далейшым развіцці эканамічных працэсаў у рамках нашага аб’яднання на перыяд да 2030 года і на перспектыву — да 2045-га. Па сутнасці, гэта новы дакумент праграмнага характару, якім прадугледжаны канкрэтныя меры па актывізацыі сумесных намаганняў у ключавых галінах, а таксама вызначаны дадатковыя сферы ўзаемадзеяння, такія, як кліматычны парадак дня, медыцына, турызм і некаторыя іншыя», — адзначыў у час адкрыцця саміту Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.

Таксама сярод важных пытанняў парадку дня — аб старшыні і персанальным складзе Калегіі камісіі, аб старшынстве ў органах ЕАЭС. У адпаведнасці з Дагаворам аб ЕАЭС старшынства ажыццяўляецца на ратацыйнай аснове ў парадку рускага алфавіта. Адпаведна, старшынства пасля Расіі ў гэтым годзе павінна перайсці Арменіі.

Перад самітам у паўночнай сталіцы Расіі было падпісана Пагадненне аб свабодным гандлі паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і яго дзяржавамі-членамі з аднаго боку і Ісламскай Рэспублікай Іран з другога боку. Пагадненне дасць магчымасць істотна павысіць канкурэнтаздольнасць тавараў дзяржаў — членаў ЕАЭС і за кошт гэтага нарасціць экспарт у Іран. Дакумент у цэлым будзе садзейнічаць росту тавараабароту, а таксама актывізацыі кааперацыйнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва.

Фота МЗС

Фота МЗС

Фота МЗС

Фота МЗС

«Пасля ўступлення пагаднення ў сілу практычна ўсе катэгорыі тавараў, што вырабляюцца ў саюзе, атрымаюць бяспошлінны доступ на вялікі іранскі рынак», — растлумачыў Уладзімір Пуцін.

БЕЛТА