Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыбыў у сталіцу Казахстана Астану для ўдзелу ў саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Чакаецца, што на палях саміту Аляксандр Лукашэнка таксама правядзе шэраг сустрэч і перагавораў з замежнымі калегамі. У Астане ўжо знаходзяцца кіраўнікі шэрага дзяржаў і кіраўнікі міжнародных арганізацый. У іх ліку лідары Расіі, Кітая, Таджыкістана, Узбекістана, Кыргызстана, Турцыі, Пакістана, Азербайджана, Манголіі, Генеральны сакратар ААН.
Міжнародны форум уключае ў сябе пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў — членаў ШАС, а таксама сустрэчу ў фармаце «ШАС плюс» з удзелам лідараў дзяржаў-наглядальнікаў, ганаровых гасцей і кіраўнікоў міжнародных арганізацый. Тэмай сустрэчы стане «Умацаванне шматбаковага дыялогу — імкненне да ўстойлівага міру і развіцця».
Асноўным пытаннем маючага адбыцца саміту для Беларусі з’яўляецца завяршэнне працэдуры прыняцця краіны ў члены ШАС.
Плануецца, што Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні на саміце закране найбольш значныя напрамкі ў рабоце арганізацыі і ўклад, які Беларусь гатова ўнесці ў вырашэнне агульных задач.
Удзельнікі пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў абмяркуюць пытанні далейшага ўдасканалення работы інтэграцыйнага аб’яднання ў мэтах умацавання і паглыблення шматбаковага ўзаемадзеяння ў новых умовах, разгледзяць актуальную міжнародную і рэгіянальную тэматыку ў рэгіёне ШАС.
Чакаецца, што на пасяджэнні будзе прынята Астанінская дэкларацыя, а таксама больш за два дзясяткі розных рашэнняў і заяў, якія датычацца розных сфер супрацоўніцтва.
Асноўны парадак саміту запланаваны на 4 ліпеня, але лідары краін актыўна ўзаемадзейнічаюць ужо напярэдадні. На працягу дня многія з іх на палях форуму правялі двухбаковыя сустрэчы, а вечарам у праграме — нефармальная вячэра ад імя Прэзідэнта Казахстана ў гонар кіраўнікоў дэлегацый — удзельнікаў саміту ШАС. Гэта добрая магчымасць «зверыць гадзіннікі» па тых ці іншых актуальных пытаннях.
Беларусь разглядае Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва ў якасці міжнароднай пляцоўкі для вызначэння канкрэтных механізмаў развіцця супрацоўніцтва ў сферы процідзеяння пагрозам тэрарызму, экстрэмізму, арганізаванай злачыннасці і наркатрафіка. Выступае за ўмацаванне эканамічнага вымярэння ШАС у якасці важнейшага фактару стабільнасці ў Еўразійскім рэгіёне.
Беларусь удзельнічае ў ШАС з 2010 года ў статусе партнёра па дыялогу і з 2015 года — у статусе наглядальніка. У Самаркандзе па выніках Савета кіраўнікоў дзяржаў 16 верасня 2022 года падпісана рашэнне аб пачатку працэдуры ўступлення ў члены арганізацыі. У рамках гэтага працэсу Беларусь далучылася больш як да 40 дагавораў.
У 2023 годзе на долю дзяржаў ШАС прыпадала 70,4 працэнта ўсяго тавараабароту Беларусі, а па выніках студзеня — красавіка 2024 года — 71,4 працэнта.
Акрамя Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, у саміце прымуць удзел кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў Казахстана, Індыі, Ірана, Кітая, Кыргызстана, Пакістана, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана, Манголіі, Азербайджана, Катара, ААЭ, Турцыі і Туркменістана, а таксама генеральны сакратар ШАС і выканаўчы дырэктар Рэгіянальнай антытэрарыстычнай структуры ШАС.
У саміце таксама прымуць удзел Генеральны сакратар ААН і кіраўнікі такіх міжнародных арганізацый, як СНД, АЭС, НУМДА, АДКБ, ЕЭК і ІАХБ.
Цяпер дзяржавамі — членамі ШАС з’яўляюцца дзевяць краін — Індыя, Іран, Казахстан, Кітай, Кыргызстан, Пакістан, Расія, Таджыкістан і Узбекістан. Такім чынам, пасля завяршэння працэдуры прыняцця Беларусь стане дзясятым па ліку членам ШАС.
Статус дзяржавы — наглядальніка пры ШАС маюць тры краіны — Афганістан, Беларусь (з 2015 года) і Манголія.
Партнёрамі па дыялогу ШАС з’яўляюцца 14 краін — Азербайджан, Арменія, Бахрэйн, Егіпет, Камбоджа, Катар, Кувейт, Мальдывы, М’янма, Непал, ААЭ, Саудаўская Аравія, Турцыя і Шры-Ланка.
У 2023-2024 гадах у ШАС старшынствуе Казахстан. Плануецца, што па выніках Савета кіраўнікоў дзяржаў у Астане старшынства пяройдзе Кітаю.