Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка просіць прафсаюзы актыўна падключыцца да будучай уборачнай кампаніі ў вёсцы. Аб гэтым ён заявіў, прымаючы з дакладам старшыню Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрыя Сянько, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
«Уборачная кампанія практычна пачалася. Я сёння слухаў даклад губернатара Брэсцкай вобласці. Выбарачна ён пачаў ужо ўбіраць азімы ячмень. Заўсёды прафсаюзы падключаліся да гэтага працэсу, аказвалі адпаведную дапамогу і падтрымку. Я папрасіў бы вас, каб гэта была перш за ўсё дапамога, падтрымка і ўдзел прафсаюзаў у гэтай рабоце, а не нейкія кантрольна-наглядальныя функцыі. Кантралёраў у нас хапае», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
У гэтым плане Аляксандр Лукашэнка ўспомніў сваю ранейшую работу ў аграрнай сферы: «Прафсаюзы, асабліва ў сельскай гаспадарцы, заўсёды былі ў мяне правай рукой. І мы разам арганізоўвалі і харчаванне, і абслугоўванне (тэхнікі. — Заўвага БЕЛТА) у перыяд уборачнай кампаніі».
Прэзідэнт таксама даручыў не выпускаць з-пад увагі кантроль за выплатай заработнай платы, каб у працоўных не было прычын для скаргаў.
У размове з журналістамі Юрый Сянько адзначыў, што прафсаюзныя работнікі пастаянна прысутнічаюць і працуюць на сельскагаспадарчых пляцоўках. Гэтаму напрамку ў час уборачнай кампаніі ўдзяляецца вялікая ўвага. Вядзецца прафілактыка вытворчага траўматызму, кантралюецца наяўнасць сродкаў індывідуальнай аховы. «На жаль, літаральна нядаўна меў месца факт гібелі аднаго з работнікаў прадпрыемстваў менавіта з-за няякасных сродкаў індывідуальнай аховы. Тут мы павінны ўсе зрабіць вельмі дакладныя і строгія высновы адносна прадаўжэння работы, кантролю за гэтай сітуацыяй. Тэхнічныя, прававыя інспектары прафсаюзаў будуць пастаянна кантраляваць гэта пытанне», — сказаў старшыня ФПБ.