Суббота, 24 мая 2025

Лукашэнка прапануе нарошчваць тавараабарот з Кыргызстанам і развіваць сумесныя вытворчасці

98

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў аб неабходнасці нарошчваць тавараабарот з Кыргызстанам на сустрэчы з паслом гэтай краіны ў Беларусі Эрмекам Ібраімавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Што датычыцца нашых адносін, вядома, недзе там у нас пад $170 млн тавараабарот за апошні год, але гэта паміж краінамі нішто. Мы з губерніямі Расіі са многімі маем такі тавараабарот і значна вышэйшы. Таму з Кыргызстанам нам трэба павялічваць тавараабарот», — сказаў беларускі лідар.

Сустрэча з паслом Кыргызстана адбылася ў сувязі з завяршэннем яго дыпламатычнай місіі ў Беларусі, таму Аляксандр Лукашэнка адрасаваў яму асобную просьбу — не забываць пра Беларусь і на новай пасадзе садзейнічаць далейшаму развіццю супрацоўніцтва. «Калі вы будзеце служыць далей у Міністэрстве замежных спраў Кыргызстана або недзе будзеце працаваць, вы памятайце аб гэтым. Падкажыце, парайце», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Вельмі спадзяюся, што чатыры з паловай гады, якія вы працавалі ў Беларусі, будуць добрай прыступкай у вашай кар’еры. У жыцці ў вас гэты час застанецца назаўсёды, гэта натуральна. Галоўнае, каб у вас былі добрыя ўспаміны пра нашу Беларусь. Мы людзі добразычлівыя. Такія, як кыргызы, дарэчы, гасцінныя. Таму вы будзеце добрым словам успамінаць праведзеныя ў Беларусі гады вашай дыпламатычнай службы. Мы вельмі спадзяёмся, што дзе б вы ні працавалі ў будучым, вы будзеце па-сапраўднаму нашым чалавекам, беларускім — будзеце пашыраць інтарэсы Беларусі абавязкова ў інтарэсах Кыргызстана», — выказаў пажаданне Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што пастаўкі неабходнай тэхнікі і абсталявання, сумесная вытворчасць у Кыргызстане можа быць значна шырэйшай па наменклатуры, чым зараз. Цяпер там рэалізуюцца кааперацыйныя праекты па сумеснай вытворчасці ліфтавага абсталявання і трансфарматараў.

«Можам усё вырабляць у вас і абучаць тэхналогіям вашых людзей. Тэхналогіям, якіх вы не мелі раней. Па гэтых жа трансфарматарах, ліфтах, трактарах, аўтамабілях і гэтак далей. Вы ведаеце, што мы можам вырабіць. І для Кыргызстана ўзровень тэхналагічнай аснашчанасці краіны, як Беларусь, — гэта дастаткова высокі ўзровень. Мы гатовы дзяліцца гэтымі тэхналогіямі», — заявіў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што ў свой час у гады Савецкага Саюза так склаўся падзел працы паміж рэспублікамі: «Вы займаліся адным, мы займаліся іншым. Цяпер у Кыргызстане гэтыя тэхналогіі запатрабаваны. Мы гатовы імі падзяліцца».

«Словам, вы добра вывучылі Беларусь за гэты час. Калі вы будзеце і далей недзе блізка да гэтай работы, я прашу не забываць аб тым, якія ў нас магчымасці для таго, каб прапанаваць кыргызскаму народу», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

БЕЛТА