Вторник, 18 июня 2024

Лукашэнка прапанаваў падняць на якасна новы ўзровень супрацоўніцтва з Эфіопіяй

32

 Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Прэзідэнта Эфіопіі Сахле-Ворк Зеўдэ з 30-годдзем устанаўлення дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Галоўным дасягненнем у двухбаковых адносінах за гэты перыяд можна лічыць моцную дружбу паміж народамі Беларусі і Эфіопіі, адзначыў беларускі лідар.

«Усе тры дзесяцігоддзі Мінск і Адыс-Абеба прытрымліваліся традыцый добразычлівасці і даверу, — гаворыцца ў віншаванні. — Абедзве краіны — паслядоўныя прыхільніцы ўмацавання прынцыпаў шматбаковасці ў сусветных справах, калектыўнага пошуку адказаў на глабальныя выклікі і пагрозы з апорай на міжнароднае права, паважлівае стаўленне да самабытнасці народаў і іх магчымасці самім вызначаць сваю будучыню. Гэта дазволіла закласці трывалую аснову для паступальнага развіцця беларуска-эфіопскага супрацоўніцтва».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што цяпер Эфіопія з’яўляецца для Беларусі вельмі значным і надзейным партнёрам у Афрыканскім рэгіёне. «Лічу, што настаў час падняць двухбаковае ўзаемадзеянне на якасна новы ўзровень, напоўніць яго важкім практычным зместам, каб атрымаць адчувальныя вынікі ў эканамічнай і гуманітарнай сферах», — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў Сахле-Ворк Зеўдэ выдатнага здароўя і поспехаў, а жыхарам Эфіопіі — міру і дабрабыту.

БЕЛТА