Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Амурскай вобласці Расіі Васілём Арловым 23 ліпеня прапанаваў варыянты ўзаемадзеяння пры рэалізацыі буйных інфраструктурных праектаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Вітаючы кіраўніка расійскага рэгіёна ў Мінску, кіраўнік дзяржавы адзначыў гістарычную агульнасць і ўзаемасувязі з Амурскай вобласцю. «Нас раздзяляюць тысячы кіламетраў. Але нашы лёсы цесна пераплецены сумеснай гісторыяй, самаадданай працай, асабліва па аднаўленні разбуранай вайной народнай гаспадаркі, рэалізацыяй грандыёзных прамысловых, транспартных і энергетычных праектаў», — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што менавіта ў гэтым рэгіёне знаходзіцца «сталіца БАМа», паўвекавы юбілей якога адзначаўся 8 ліпеня. «Гэта адзін з самых маштабных праектаў у гісторыі чалавецтва, і 60 тыс. беларусаў удзельнічалі ў будаўніцтве Байкала-Амурскай магістралі», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
Цяпер у Амурскай вобласці таксама рэалізуюцца маштабныя інфраструктурныя праекты, і некаторыя з іх згадаў Прэзідэнт: пабудаваны касмадром Усходні, узводзяцца газахімічныя гіганты — Амурскі газахімічны комплекс і Амурскі газаперапрацоўчы завод, комплекс звадкавання прыроднага газу. Напрыклад, адзін з такіх буйных праектаў рэалізуецца ў Благавешчанску, які апошнім часам актыўна развіваецца. Будпляцоўка «Далёкаўсходняга квартала» прадугледжвае ўзвядзенне ў горадзе каля 334 тыс. кв.м жылля.
«Значыць, праца, магчыма, і беларускіх будаўнікоў недзе будзе запатрабавана», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Планы рэгіёна па павелічэнні здабычы карысных выкапняў даюць магчымасць разлічваць на прадаўжэнне паставак кар’ерных самазвалаў БЕЛАЗ, адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама прапанаваў варыянт супрацоўніцтва ў сферы абсталявання электразараднай інфраструктуры. Цяпер Амурская вобласць экспартуе электраэнергію.
«Інтэнсіўнае развіццё электратранспарту ў суседнім Кітаі хутка перакінецца праз Амур і запатрабуе больш дынамічнага развіцця спецыяльнай электразараднай інфраструктуры, элементы якой у нас вырабляюцца і больш як пяць гадоў паспяхова эксплуатуюцца», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Што датычыцца аграпрамысловага комплексу, тут Прэзідэнт адзначыў інтарэс беларускіх вучоных-аграрыяў да праектаў Амурскай вобласці па мадэрнізацыі матэрыяльна-тэхнічнай і тэхналагічнай базы раслінаводства, жывёлагадоўлі, селекцыі сельскагаспадарчых культур, перапрацоўчай прамысловасці. «Кампетэнцыі ў Беларусі сур’ёзныя ў гэтым плане», — падкрэсліў ён.
«Прыродны патэнцыял вобласці дае магчымасць значна дыверсіфікаваць наменклатуру сельгаспрадукцыі, якая вырошчваецца. І ў гэтым мы гатовы вас падтрымаць. Акрамя таго, у дапамогу будуць і машыны сельскагаспадарчага прызначэння, у тым ліку трактарная тэхніка, збожжаўборачныя і кормаўборачныя камбайны, навясное абсталяванне да іх, абсталяванне для жывёлагадоўчых і малочнатаварных комплексаў», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама абазначыў магчымасці Беларусі па нарошчванні экспарту ў Амурскую вобласць усёй запатрабаванай харчовай прадукцыі, у тым ліку сокаў і дзіцячага харчавання, іншых неабходных тавараў.
«Пры гэтым магчыма стварэнне ў вобласці беларускага гандлёвага дома для наладжвання і арганізацыі прамых паставак нашых прадуктаў харчавання ў рэгіён для патрэб устаноў сацыяльнай сферы, а таксама рознічнага гандлю», — дадаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што агучыў далёка не поўны пералік напрамкаў, па якіх ужо створаны пэўны задзел.
«Але мы адкрыты для далейшага супрацоўніцтва па самым шырокім спектры тавараў і паслуг, — запэўніў Аляксандр Лукашэнка. — Вашы пажаданні будуць абавязкова ўспрыняты як сігнал да дзеяння». Прэзідэнт падкрэсліў гатоўнасць Беларусі аказаць усялякую дапамогу і падтрымку гэтаму расійскаму рэгіёну, далёкаму для беларусаў толькі геаграфічна, але абсалютна не чужому.
У сваю чаргу Васіль Арлоў адзначыў, што паміж бакамі расце гандлёвы абарот.»Але лічым, што ёсць яшчэ куды расці. У нас ёсць некалькі прапаноў, пазнаёміліся ўжо з вашай камандай, вельмі эфектыўна папрацавалі», — адзначыў губернатар.
У Амурскай вобласці запатрабавана тэхніка беларускай вытворчасці, як сельскагаспадарчая, так і прамысловая. «У нас, напрыклад, у сельскай гаспадарцы 40 працэнтаў трактароў беларускай вытворчасці і 25 працэнтаў камбайнаў таксама. Лічым мэтазгодным прапанаваць нашым беларускім сябрам стварыць мультыбрэндавы цэнтр такой тэхнікі на тэрыторыі Амурскай вобласці. Ён мог бы ахапіць і суседнія рэгіёны», — заявіў Васіль Арлоў.
Акрамя таго, гэты расійскі рэгіён зацікаўлены ў супрацоўніцтве па лініі АПК, глыбокай перапрацоўкі прадукцыі. Паводле слоў губернатара, ёсць таксама добрыя магчымасці для развіцця супрацоўніцтва ў здабыўной прамысловасці, дрэваапрацоўцы.
«Мы адкрыты таксама для сумесных прадпрыемстваў. Гатовы ўсе неабходныя меры падтрымкі з боку рэгіёна прадаставіць. У нас таксама дзейнічае ў рамках расійскага заканадаўства тэрыторыя апераджальнага развіцця, дзе прадугледжаны льготы для інвестараў. І на фінальнай стадыі ва ўрадзе Расіі знаходзіцца дакумент аб стварэнні міжнародных тэрыторый апераджальнага развіцця», — запрасіў Васіль Арлоў.
Ужо адна магчымасць для супрацоўніцтва заключаецца ў транспартна-лагістычнай сферы, улічваючы працяглую граніцу Амурскай вобласці з Кітаем. «У нас назапашаны каласальны вопыт работы з Кітаем. Некалькі транспартна-лагістычных маршрутаў выбудавана. У прыватнасці, мы пашыраем праект «Амурскі калідор». Запрашаем таксама беларускіх партнёраў, інвестараў», — сказаў губернатар.
Ён пацвердзіў, што цяпер у Амурскай вобласці інтэнсіўна развіваецца газавы кластар, які складаецца з двух буйных праектаў — газаперапрацоўчага завода і газахімічнага комплексу, — рэалізацыяй якіх займаюцца кампаніі «Газпрам» і СІБУР. «На базе гэтых двух прадпрыемстваў плануецца будаўніцтва індустрыяльнага парка, у які мы таксама запрашаем беларускіх інвестараў», — заявіў кіраўнік рэгіёна.
Яшчэ адна тэма, якая абмяркоўвалася на сустрэчы, — культурныя абмены. У першую чаргу прадугледжваецца зрабіць акцэнт на абмене дзіцячымі дэлегацыямі, захаванні агульнай гістарычнай памяці.
«У нас завершана другая чарга будаўніцтва касмадрома Усходні. І ў гэтым годзе была запушчана ракета цяжкага класа — «Ангара». Акрамя таго, наша геаграфічнае становішча дазваляе дзецям за адну паездку наведаць адразу дзве дзяржавы — і Расію, і Кітай. Мы гэта з Прэзідэнтам абмяркоўвалі. Аляксандр Рыгоравіч гэта падтрымаў», — расказаў Васіль Арлоў падрабязнасці сустрэчы.
Паводле яго слоў, беларускія спецыялісты таксама ўдзельнічалі ў будаўніцтве касмадрома, і патэнцыяльна ёсць магчымасць для больш актыўнага супрацоўніцтва ў гэтым плане. «Працавалі некалькі студэнцкіх атрадаў. Касмадром — гэта праект, які будзе доўжыцца яшчэ многія гады. Там сёння завершана толькі другая чарга. У перспектыве яшчэ некалькі чэргаў. Яны ў тым ліку будуць прадугледжваць будаўніцтва стартавага стала для ракеты суперцяжкага класа і для пілатуемых пускаў. Таму я ўпэўнены, што ўсе дамоўленасці, якія былі паміж прэзідэнтамі, маюць шанц быць рэалізаваныя ў поўным аб’ёме», — заявіў губернатар.