Понедельник, 2 декабря 2024

Лукашэнка пра Віцебск: стагоддзямі тут стваралася ўнікальная атмасфера творчага пошуку

130

У горадзе Віцебску, які стаў месцам правядзення міжнароднага фестывалю «Славянскі базар», стагоддзямі стваралася ўнікальная атмасфера творчага пошуку. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі адкрыцця фестывалю, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што фестываль стаў цэлай эпохай, а яго філасофія — «Праз мастацтва да міру і ўзаемаразумення» — мае глыбокія карані.

«Тут, на маляўнічым беразе Дзвіны, 1050 гадоў таму быў закладзены першы камень горада, які мы сёння па праву называем нашай культурнай сталіцай. Нешта ёсць у гэтым кутку Беларусі, што на працягу стагоддзяў натхняла на стварэнне шэдэўраў выяўленчага мастацтва, унікальных архітэктурных аб’ектаў, вялікіх літаратурных і музычных твораў, а таксама фестываляў, конкурсаў, мноства іншых творчых праектаў, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Стагоддзямі тут стваралася ўнікальная атмасфера. Атмасфера творчага пошуку. Атмасфера дыялогу цывілізацый. Стагоддзямі тут перасякаліся гандлёвыя шляхі, звязваючы ўсход і захад, поўнач і поўдзень. Гэты горад удзячна ўбіраў у сябе новыя ідэі і павевы. І за кошт гэтага развіваўся».

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, таму і гісторыя фестывалю пачалася менавіта тут — у горадзе праслаўленых на ўвесь свет людзей, чый прафесійны шлях прайшоў праз яго майстэрні. Віцебск стаў творчай радзімай сапраўдных геніяў.’

«Калі мы чуем пра яго, уяўляем манументальныя партрэты і скульптуры Азгура, незвычайна жывыя вобразы пэндзля Рэпіна, Пэна, Малевіча. Мы глядзім на гарадскія пейзажы Віцебска вачыма Шагала, які маляваў любімы горад усё сваё жыццё, нават знаходзячыся за тысячы кіламетраў ад яго. Думаючы пра гэты горад, мы ўспамінаем Лагіна, які падарыў савецкім дзецям казачнага героя — старога Хатабыча, напяваем мелодыю «Дарогі на Берлін» — песні, напісанай кампазітарам Фрадкіным за год да Вялікай Перамогі. Мы шануем памяць таленавітага военачальніка Івана Люднікава, які кіраваў аперацыяй па вызваленні Віцебшчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ганарымся народжаным у горадзе на Дзвіне нобелеўскім лаўрэатам Жарэсам Алфёравым, які стаў легендай у сусветнай навуцы. Гаворачы пра Віцебск, мы ўспамінаем і нашых сучаснікаў — плеяду артыстаў, без якіх ужо не ўяўляем наш фестываль», — прывёў шэраг прыкладаў беларускі лідар.

БЕЛТА