У Беларусі будуць і далей публічна выкрываць факты карупцыі, што выяўляюцца. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў у час размовы ў Гомелі з калектывам ВА «Крышталь», перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Мы даціснем. У будучы год — Год якасці — мы прымусім усіх якасна працаваць. Хто хоча, і хто не хоча. Ну а хто злодзей, жулік, прайдоха — будзе як з малочнікамі. Ніхто цырымоніцца ні з кім не будзе. І будзем публічна называць прозвішчы і што яны ўчынілі. Я маю на ўвазе карупцыянераў», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
«Хоць мне часта гавораць: «Аляксандр Рыгоравіч, ну дай бог, каб у кожнай краіне так было (як у Беларусі. — Заўвага БЕЛТА)». А я не хачу, каб наогул было (такая з’ява ў краіне, як карупцыя. — Заўвага БЕЛТА). Красці, за хабар чужое прадаваць і сабе ў кішэнь класці недапушчальна. Ад гандлю да вось гэтых жулікаў», — дадаў беларускі лідар.
Як паведамлялася, 14 лістапада Аляксандр Лукашэнка на прыкладзе магілёўскай «Бабулінай крынкі» расказаў аб выкрыцці злачынных схем у малочнай галіне.
Некалькі гадоў таму на прадпрыемства быў назначаны новы кіраўнік. Ён сфарміраваў сваю «каманду» з ліку знаёмых і сваякоў і пачаў «новую збытавую палітыку».
У выніку аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў узяты ў распрацоўку 8 камерцыйных груп, якія ўстанавілі кантроль на выгадных для сябе ўмовах над экспартам у Расію прадукцыі шэрага айчынных малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў.
«Адметнай асаблівасцю дзейнасці ўладальнікаў беларускіх фірм з’явілася наяўнасць падкантрольных суб’ектаў гаспадарання на тэрыторыі Расіі, што давала магчымасць прадаваць прадукцыю з мінімальнай нацэнкай, а затым рэалізоўваць тавар канечнаму спажыўцу па больш высокай цане, заніжаючы падаткаабкладальную базу. Атрыманая інфармацыя паказала, што рэалізацыя схемы не магла ажыццяўляцца без удзелу службовых асоб прадпрыемстваў і дзяржорганаў. Раман Аляксандравіч (прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка. — Заўвага БЕЛТА), таксама адкажаце, калі там будуць вашы асобы. Там свецяцца і члены ўрада. Я не называю прозвішчы, пакуль ідзе следства», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.