Беларусь і Азербайджан не дружаць супраць трэціх краін, а робяць сваю справу ў імя інтарэсаў народаў дзвюх дзяржаў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 3 кастрычніка на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Азербайджана Алі Асадавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
«Нягледзячы на розныя перыпетыі на міжнароднай арэне, па нашых адносінах, Беларусі і Азербайджана, вы і мой сябар, мой вельмі блізкі сябар і брат Ільхам Гейдаравіч (Аліеў, Прэзідэнт Азербайджана. — Заўвага БЕЛТА) павінны ведаць, што закрытых тэм у адносінах паміж Беларуссю і Азербайджанам няма, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Пры гэтым мы не парушаем ніякія нормы міжнароднага права, мы не дружым супраць трэціх краін, мы робім сваю справу ў імя нашых народаў».
Прэзідэнт адзначыў, што цёплыя адносіны паміж дзвюма краінамі склаліся яшчэ з часоў кіраўніцтва Азербайджанам Гейдара Аліева: «Мы былі вельмі дружныя, мы заўсёды знаходзілі паразуменне і падтрымку. І я часта Ільхаму Гейдаравічу, цяперашняму Прэзідэнту, гавару: дзякуй Богу, што нам удалося захаваць той узровень адносін, які быў у нас з яго бацькам».
«Таму калі ласка ў Беларусь. Вы для нас блізкі чалавек, вы прадстаўляеце вельмі блізкую краіну», — дадаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт звярнуў увагу, што Азербайджан адносіцца да ліку найбольш блізкіх для Беларусі краін разам з Расіяй.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў неабходнасць рэалізацыі дамоўленасцей, дасягнутых паміж бакамі ў час дзяржаўнага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Азербайджан у маі 2024 года. Гэта тэма, як расказаў Прэзідэнт, абмяркоўвалася ім напярэдадні з прэм’ер-міністрам Беларусі Раманам Галоўчанкам з акцэнтам на эканамічных аспектах двухбаковых адносін: «Ніякіх праблем няма. Адзінае, што ён сказаў: «Пажадана, каб хутчэй». Гэта добра, што ва ўрадзе прэм’ер-міністр разумее, што трэба сёння як мага хутчэй, таму што час такі».
«Калі ў выніку сённяшняга візіту і вашага знаходжання ў Беларусі мы знойдзем магчымасць паскорыцца, мы абавязкова паскорымся. Мы як прэзідэнты перашкаджаць гэтаму не будзем», — запэўніў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на наяўнасць узаемнай падтрымкі Беларусі і Азербайджана на міжнародных пляцоўках. «У нас праблем няма, мы падтрымліваем адзін аднаго, падтрымлівалі і будзем падтрымліваць. Я вельмі ўдзячны ўраду Азербайджана і Прэзідэнту за тую каласальную падтрымку, якую яны нам аказваюць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Нашы адносіны — гэта добрае перапляценне міждзяржаўных і асабістых адносін. Нашы асабістыя адносіны ўплецены ў тканіну міждзяржаўных адносін, і гэта садзейнічае таму ўзроўню, які мы маем па ўзаемаадносінах, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Скажыце, што мы можам зрабіць для Азербайджана, мы ўсё зробім. Так было да гэтага часу, так будзе і далей. Упэўнены, што і Азербайджан зробіць для нас усё, на што ён здольны. Таму што так было заўсёды».
У сваю чаргу Алі Асадаў падзякаваў за магчымасць сустрэчы. «Для мяне і для нашай дэлегацыі гэта вялікі гонар», — сказаў ён.
Прэм’ер-міністр перадаў Аляксандру Лукашэнку прывітанне і найлепшыя пажаданні ад Прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева: «Ён даручыў мне перадаць сяброўскае і брацкае прывітанне».
Алі Асадаў падкрэсліў, што паміж Беларуссю і Азербайджанам гістарычна склаліся дружалюбныя адносіны, і Прэзідэнт Азербайджана надае ім асаблівае значэнне. Важна таксама, што добрыя адносіны склаліся і на ўзроўні лідараў краін.
«Мы, члены ўрадаў, абавязаны і з вялікім задавальненнем выконваем тое даручэнне, якое паставілі перад намі нашы кіраўнікі», — заявіў прэм’ер-міністр.
Ён нагадаў, што па выніках дзяржаўнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Азербайджан у маі бягучага года кіраўнікамі дзяржаў перад урадамі быў пастаўлены шэраг задач, якія цяпер з’яўляюцца дарожнай картай для сумеснай работы. «Мы прыехалі ў Беларусь з вялікай дэлегацыяй», — адзначыў Алі Асадаў.
Прэм’ер-міністр ад імя Прэзідэнта Азербайджана таксама аднавіў запрашэнне Аляксандру Лукашэнку наведаць Канферэнцыю бакоў Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату (COP29), якая адбудзецца ў лістападзе бягучага года ў Баку.
«Калі Ільхам гаворыць, значыць, будзем», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.
«Мы вялікае значэннем надаём Вашаму асабістаму ўдзелу, які гэтай канферэнцыі надасць асаблівы статус», — падкрэсліў Алі Асадаў.