Суббота, 13 апреля 2024

Лукашэнка павіншаваў народ Украіны і заявіў аб гатоўнасці зрабіць усё для спынення канфрантацыі

22

 Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў братэрскі ўкраінскі народ з Днём Незалежнасці. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

«Многія пакаленні беларусаў і ўкраінцаў стагоддзямі жылі ў згодзе і павазе. Спакон веку нашы продкі гандлявалі, стваралі сем’і і выхоўвалі дзяцей, разам мужна змагаліся з фашызмам, адбудоўвалі агульную дзяржаву ў першыя пасляваенныя пяцігодкі, — гаворыцца ў віншаванні. — І па сённяшні дзень нас аб’ядноўваюць такія рысы характару, як працавітасць, стараннасць, паважлівае стаўленне да старэйшых і сваіх традыцый, самабытнай культуры».

«Атрымаўшы незалежнасць больш як тры дзесяцігоддзі таму, абедзве краіны выбралі самастойныя шляхі свайго развіцця, будаўніцтва будучыні, дзеля якой мы павінны стварыць бяспечныя магчымасці для дастойнага суіснавання ўсяго рэгіёна. Мы павінны выкарыстоўваць каштоўнасць нашага суседства дзеля спынення канфрантацыі. Беларускі бок гатовы зрабіць для гэтага ўсё неабходнае і нават больш. Веру ў тое, што нам гэта пад сілу», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў усім жыхарам Украіны, каб у вельмі хуткім часе на іх зямлі настаў бясцэнны і такі патрэбны ўсім людзям добрай волі мір.

БЕЛТА