Четверг, 5 декабря 2024

Лукашэнка павіншаваў народ Польшчы: толькі разам мы зможам унесці ўклад у пераадоленне канфрантацыі ў рэгіёне

58

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста павіншаваў народ Польшчы з Нацыянальным святам незалежнасці. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Прэзідэнта.

«У нашым сумесным мінулым — шматвяковая агульная хрысціянская і культурная спадчына, шырокія і дружалюбныя кантакты паміж жыхарамі дзвюх краін. А будучыню мы можам пабудаваць толькі пры ўважлівым стаўленні да гістарычных падзей і ўмацаванні сувязей на прынцыпах партнёрства і даверу», — гаворыцца ў віншаванні.

Прэзідэнт падкрэсліў, што беларусы паважаюць выбар, які нядаўна зрабілі грамадзяне Польшчы. «Ён яскрава прадэманстраваў жаданне спыніць бессэнсоўны пошук унутраных супярэчнасцей і знешніх пагроз. Спадзяюся, у Варшаве прыслухаюцца да голасу сваіх грамадзян з заклікам жыць у міры і згодзе з прадстаўнікамі ўсіх нацый і веравызнанняў, разгледзяць працягнутую Беларуссю дружалюбную руку супрацоўніцтва», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць у тым, што найлепшая гарантыя бяспекі для Польшчы сёння — гэта дружалюбнае суседства, спыненне неабгрунтаванай мілітарызацыі краіны і гонкі ўзбраенняў. «Толькі разам крок за крокам мы зможам унесці свой уклад у пераадоленне канфрантацыі ў нашым рэгіёне. Беларускі бок да гэтага гатовы», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Беларускі лідар пажадаў усім жыхарам Польшчы бязвоблачнага неба і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

БЕЛТА