Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе не расслабляцца пасля ўборкі хлябоў, паколькі наперадзе яшчэ вялікі шлейф сельгасработ, якія трэба паспець зрабіць у аптымальныя тэрміны. Такое глабальнае даручэнне аграрыям даў кіраўнік дзяржавы ў ходзе рабочай паездкі ў Камянецкі раён Брэсцкай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як далажылі Прэзідэнту, у цэлым па краіне ёсць добрыя разлікі на ўраджай па многіх культурах, хоць у перыяд засухі і былі апасенні. Аднак па кукурузе чакаюць прыбаўку да ўзроўню мінулага года, гэтак жа як і па цукровых бураках. У добрым стане і бульбяныя палі.
«Дзе ёсць тэхналогіі — пытанняў не ўзнікае», — адзначыў намеснік міністра сельскай гаспадаркі Уладзімір Гракун.
«Калі няма тэхналогіі, то, напэўна, і сеяць не трэба. Чаго сеяць і атрымліваць 15-20 ц/га. Мы больш трацім, чым атрымліваем», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
«Калі людзі нармальна працуюць, і тэхналагічна працуюць, то такім людзям і дапамагаць можна», — дадаў ён.
Прэзідэнт адзначыў, што ў гэтым плане ў Брэсцкай, Гродзенскай і частцы Мінскай вобласці ў цэлым усё добра. «Да гэтага трэба ісці. Без тэхналогіі нікуды», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
А яшчэ Прэзідэнт патрабуе «паднімаць» па ўборцы Віцебскую вобласць. Размова аб тым, каб з улікам кліматычных асаблівасцей высейваць там больш ранніх культур. Размова пра азімы ячмень, рапс і шэраг іншых.
«Гэта жорсткае маё патрабаванне — пасеяць раннія культуры ў паўночных раёнах, каб раней пачаць уборку. Вызвалім палі — раней пасеем азімыя», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўніку дзяржавы таксама далажылі пра ўборку ў Брэсцкай вобласці збожжавых. Тут практычна выйшлі на экватар уборачнай, а ўраджайнасць параўнальная з леташняй. І прыклад працы мясцовых аграрыяў паказвае правільнасць зробленых ставак на азімыя рапс і ячмень.
Першую з гэтых культур Аляксандр Лукашэнка ахарактарызаваў як «харчовую, кармавую і грашовую». Гэта і айчынны рапсавы алей, і кармы ў жывёлагадоўлі, і добры прыбытак. Асобна Прэзідэнт пацікавіўся, ці перапрацоўваецца ўвесь рапс унутры краіны, ці не вывозіцца ў якасці сыравіны за мяжу. Яго запэўнілі, што ў гэтым плане ўсё адрэгулявана і ўсё ідзе на перапрацоўку.
Добра зарэкамендаваў сябе і азімы ячмень. Да яго ў Прэзідэнта павышаная ўвага, ён паўжартам назваў яго «партыйнай культурай». «Мінулы год вельмі добры. Будзем дабаўляць», — сказаў губернатар Брэсцкай вобласці Юрый Шулейка.
Ён расказаў, што за два апошнія гады ў рэгіёне сфарміравана моцная матэрыяльна-тэхнічная база, на заробленыя грошы закупляюць новыя камбайны, аднаўляюць старыя.
Прэзідэнту ад Брэсцкай вобласці падарылі каравай — першы ў гэтым сезоне.
Асобная размова пра стан спраў у ААТ «Белавежскае». Прадпрыемства добрае, і пастаянна прырастае тэрыторыямі за кошт далучэння суседніх гаспадарак. У выніку ўдалося падняць рэнтабельнасць і эфектыўнасць на далучаных тэрыторыях. З іншага боку, нават існуючых зямель не хапае, каб забяспечыць сябе кармамі для жывёлагадоўлі пад поўную патрэбнасць.
У ААТ «Белавежскі» Аляксандр Лукашэнка наведаў рабатызаваны малочнатаварны комплекс. Тут гаварылі пра тэхналогіі ўтрымання буйной рагатай жывёлы. Гэта працяг тэмы, аб якой ішла размова і ў ходзе нядаўніх рабочых паездак, і селектарнай нарады. Раней Аляксандр Лукашэнка даручаў вызначыць аптымальны варыянт пры будаўніцтве новых МТК і рэканструкцыі старых ферм.
Кіраўнік дзяржавы агледзеў палі з пшаніцай і рапсам, звярнуўшы асаблівую ўвагу на неабходнасць больш шырокага выкарыстання насення айчыннай селекцыі замест імпартнага. Гэта ў тым ліку задача для беларускіх вучоных.
Размаўляючы з работнікамі прадпрыемства і жыхарамі аграгарадка Белавежскі, Аляксандр Лукашэнка падзякаваў ім за працу. «Цяпер гэта трэцяя ў нашай краіне па плошчы гаспадарка. Больш за 38 тыс. га зямельных угоддзяў. Але яшчэ каля 20 працэнтаў кармоў вы купляеце для таго, каб накарміць жывёлу. Імкнуцца трэба да таго, каб у вас былі свае кармы. А наогул вы, вядома, малайцы. Я рэдка хвалю людзей, але вы малайцы. Дзякуй вам вялікі за працу. Сяляне наогул у нас людзі моцныя», — сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў свой прыезд жаданнем паглядзець, як працуюць у вёсцы ў Заходняй Беларусі. «Нядрэнна працуюць. Малайцы. Брэсцкая вобласць цяпер выйшла на добры ўзровень. Ёсць яшчэ над чым працаваць. Ёсць яшчэ і ў Гродне над чым працаваць. Але адчуваецца, што Брэсцкая і Гродзенская вобласці вельмі добра выглядаюць», — зрабіў вывад кіраўнік дзяржавы.
Ён канстатаваў, што ў гэтым годзе на сельскую гаспадарку, вядома, паўплывала засуха, асабліва гэта адчувалася ва ўсходніх і цэнтральных раёнах краіны. «Усходняя Беларусь і Цэнтральная — асобныя рэгіёны падсушыла так, што страшна было глядзець. Я калі праязджаў (міма палёў за горадам. — Заўвага БЕЛТА) у Мінск на работу, то стараўся нават на поле не глядзець», — сказаў Прэзідэнт.
Цяпер жа пайшлі дажджы, але ў плане сельгасработ час вельмі спрасаваны. «І кармы трэба будзе травяністыя нарыхтоўваць, і ўборку мы не завяршылі. І трэба пачынаць хутка сеяць, літаральна з дня на дзень. Таму расслабляцца ні ў якім разе нельга», — падкрэсліў беларускі лідар.
Кіраўніку дзяржавы расказалі аб планах нарошчвання вытворчасці гатовай прадукцыі ў ААТ «Белавежскае» і будаўніцтва каўбаснага цэха. Аднак для гэтага неабходна дадаткова ўкласці сродкі ў рэканструкцыю існуючай энергасістэмы. Цана гэтай часткі пытання — Br16 млн. Прэзідэнта ў час сустрэчы з жыхарамі аграгарадка спыталі, ці можна дапамагчы з фінансаваннем з якіх-небудзь дзяржаўных крыніц.
Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што ва ўрадзе з удзелам губернатара разгледзяць гэта пытанне. «Мы падумаем разам, чым вам дапамагчы. Але думаю, што электраэнергію мы вам дадзім. Навошта ж будавалі тут на захадзе атамную станцыю. У нас лішак электраэнергіі. Але, зразумела, патрэбна лагістыка, сеткі пракласці і яшчэ падстанцыю пабудаваць», — сказаў ён.
Пры гэтым важна мець на ўвазе, што ў краіне ёсць лішак магутнасцей па перапрацоўцы мясной прадукцыі, іх таксама неабходна дазагружаць.