Четверг, 10 октября 2024

Лукашэнка пасля прылёту ў Ташкент сустрэўся з Мірзіёевым, фармат для размовы прэзідэнты выбралі незвычайны

69

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пасля прылёту ў Ташкент сустрэўся з узбекскім калегам Шаўкатам Мірзіёевым. Нефармальная сустрэча кіраўнікоў дзяржаў адбылася ў Лядовым палацы «Хумо Арэна», перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнты вырашылі наведаць матч адкрытага чэмпіянату Казахстана па хакеі паміж ташкенцкім клубам «Хумо» і камандай з Астаны «Намад».

Як вядома, абодва лідары любяць гэты від спорту. Аляксандр Лукашэнка не проста падтрымлівае развіццё хакея ў краіне, але і сам выходзіць на лёд у складзе сваёй дружыны на аматарскім чэмпіянаце Беларусі. А Шаўкат Мірзіёеў унёс непасрэдны ўклад у адраджэнне хакея ў Ташкенце. Дзякуючы яго падтрымцы ў сталіцы пабудавалі «Хумо Арэну» — буйнейшы па ўмяшчальнасці Лядовы палац Цэнтральнай Азіі і другі пасля «Мінск-Арэны» ў СНД. Назвалі шматфункцыянальны комплекс у гонар міфічнай птушкі Хумо, якая ва Узбекістане лічыцца птушкай шчасця, міру і дабрыні.

Цікава, што ў 2019 годзе Шаўкат Мірзіёеў, наведваючы з афіцыйным візітам Беларусь, падарыў Аляксандру Лукашэнку тэматычны сувенір — незвычайную статую хакеіста.

Афіцыйныя перагаворы кіраўнікі дзяржаў правядуць у Ташкенце 8 лютага. У цэнтры ўвагі будуць пытанні паглыблення міждзяржаўных адносін, інтэнсіфікацыя гандлёва-эканамічнага і культурна-гуманітарнага ўзаемадзеяння.

«Асаблівую ўвагу бакі ўдзеляць развіццю кааперацыйных сувязей у розных галінах прамысловасці, супрацоўніцтву ў сельскай гаспадарцы, навуцы, адукацыі і турызме», — паведамляла прэс-служба Прэзідэнта Беларусі.

БЕЛТА