Пятница, 29 марта 2024

Лукашэнка падкрэсліў прыярытэтнасць надзейнасці і бяспекі пры эксплуатацыі АЭС

50

Радыяцыйная бяспека і надзейнасць эксплуатацыі АЭС з’яўляецца «прыярытэтам з прыярытэтаў». Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па пытаннях Беларускай атамнай электрастанцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Будаўніцтва першай АЭС — адзін з найбольш маштабных і тэхналагічных праектаў, які мы выконвалі сумесна з расіянамі. Для рэалізацыі гэтага праекта зроблена нямала», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. У прыватнасці, уведзены ў эксплуатацыю і ўстойліва функцыянуе, выдаючы электраэнергію ў сетку, першы энергаблок. Паводле слоў Прэзідэнта, з моманту ўключэння першы блок выпрацаваў ужо больш за 12,5 млрд кВт⋅гадз, што дало магчымасць замясціць звыш 3 млрд кубаметраў газу і сэканоміць для краіны больш за $400 млн. «Вынік нядрэнны для пачатку», — ацаніў беларускі лідар.

Што датычыцца другога энергаблока АЭС, ідуць мерапрыемствы этапу фізічнага пуску, у красавіку бягучага года запланавана ўключэнне ў сетку, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

«Я неаднаразова падкрэсліваў, што радыяцыйная бяспека і надзейнасць эксплуатацыі атамнай станцыі — гэта прыярытэт з прыярытэтаў, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Мы доўга абмяркоўвалі гэтыя пытанні на этапе прыняцця вельмі сур’ёзнага рашэння аб будаўніцтве станцыі, улічылі ўвесь сусветны вопыт. Тут выкарыстоўваюцца найвышэйшыя тэхналогіі. Гэта здабытак нашага народа. Таму ўсе пытанні будаўніцтва і работы атамнай станцыі патрабуюць асаблівай увагі і ўзважанага падыходу».

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, як выступалі супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі асобныя дэструктыўныя групы, асабліва ў 2020 годзе ў час перадвыбарнай кампаніі. «Вы памятаеце, усе альтэрнатыўшчыкі, цяпер збеглыя, абяцалі ў выпадку прыходу да ўлады закрыць атамную станцыю. Хоць ужо мільярды былі ўкладзены ў яе будаўніцтва. Да гэтага іх падштурхоўвалі нашы канкурэнты, перш за ўсё, на жаль, бліжэйшыя нашы суседзі Польшча і Літва, — сказаў беларускі лідар. — І што сёння? Польшча запланавала будаўніцтва дзвюх атамных станцый, а можа, і трох. Літва таксама заяўляе пра будаўніцтва сваёй атамнай станцыі. А цяпер прыкіньце, калі б мы, зайграўшыся ў палітычныя гульні, спынілі будаўніцтва або закрылі атамную станцыю? Або яны прыйшлі б да ўлады і прыкрылі гэту атамную станцыю, куды тады ўжо было ўкладзена каля $5 млрд? Вось іх твар».

З эканамічнага пункту гледжання для энергетычнай бяспекі Прэзідэнт запатрабаваў забяспечыць эфектыўную работу ўсёй станцыі, яе хутчэйшы выхад на поўную магутнасць. Аднак рабіць гэта трэба ні ў якім выпадку не на шкоду якасці будаўніцтва, паўтарыў сваё патрабаванне Аляксандр Лукашэнка. «Я ведаю, што расіяне часам стогнуць, што мы выстаўляем ім завышаныя патрабаванні па бяспецы. Але яны павінны разумець: мы чарнобыльская рэспубліка, мы пацярпелі ад выбуху на Чарнобыльскай атамнай станцыі, — растлумачыў ён. — Таму бяспека — пытанне нумар адзін, і мы будзем патрабаваць бяспекі і выканання норм пры будаўніцтве».

У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы адрасаваў удзельнікам нарады шэраг асноўных пытанняў: як забяспечана бяпека, ці выконваюцца ўсе нормы і прадпісанні пры будаўніцтве і эксплуатацыі станцыі. Прэзідэнт таксама спытаў аб часавых перспектывах уводу другога энергаблока Беларускай АЭС у эксплуатацыю, яшчэ раз зрабіўшы акцэнт на якасці будаўніцтва. «Мы нічога не ўтойвалі і ўтойваць не маем намеру, што былі пэўныя недахопы ў будаўніцтве атамнай станцыі, якія вельмі аператыўна ўстараняліся нашымі і расійскімі будаўнікамі. Зацягванне тэрмінаў звязана з тым, што мы сапраўды выстаўляем вельмі высокія патрабаванні да бяспекі. Лепш на паўгода — год пазней, чым недзе штосьці недапрацаваць», — сказаў беларускі лідар.

«Якія меры прымаюцца для паскарэння рэалізацыі гэтага праекта? Аснова (рэактар, каркас) — гэта ўжо створана, даведзена да ладу. Засталіся паўтара — два працэнты нейкіх недаробак па будаўнічай частцы. Калі мы скончым цалкам і пойдзем з гэтай пляцоўкі? — дадаў кіраўнік дзяржавы. — Я абсалютна адкрыты для ўсіх вашых прапаноў. Калі патрабуецца мая дапамога, гатовы адразу ж прыняць неабходныя рашэнні».

БЕЛТА