Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў гатоўнасць Беларусі абмяркоўваць з суседзямі шляхі нармалізацыі адносін, весці адпаведныя перагаворы і паціскаць руку тым, хто прыходзіць з мірам. Аб гэтым ён заявіў, адказваючы на пытанні журналістаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўніку дзяржавы было зададзена пытанне, ці гатовы ён сесці за стол перагавораў з сіламі Захаду, паціснуць адзін аднаму рукі і, галоўнае, паверыць у шчырасць намераў тых, хто ўжо як мінімум аднойчы выкарыстоўваў мірныя дамоўленасці ў Мінску, каб выйграць час і падрыхтаваць Украіну да вайны.
«Я нікому верыць не збіраюся. Калі б асабіста мой дом быў або я, то я верыў бы. Але каля 10 мільёнаў чалавек (жыхароў Беларусі. — Заўвага БЕЛТА) — лёсы людзей, дзеці і іншае. Як я магу верыць? Факты на стол, як я часта гавару. Я павінен штосьці ў руках трымаць і прымаць нейкія рашэнні. Толькі практыка і ніякіх абяцанняў. Паціскаць рукі я ніколі не адмаўляюся. Я паціскаю рукі ўсім, хто з мірам прыходзіць, і хто за пазухай або ў гэтай руцэ не трымае камень. Калі ласка, мы гатовы ў гэтым напрамку працаваць», — заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што яшчэ на ўрачыстым сходзе ў гонар Дня Незалежнасці ён даў адпаведныя даручэнні ўраду: «Звяжыцеся, прапануйце. Маўчаць (прадстаўнікі іншага боку. — Заўвага БЕЛТА). Ну, думаю, добра, выбары пройдуць (размова аб парламенцкіх выбарах у Польшчы, якія адбыліся 15 кастрычніка 2023 года. — Заўвага БЕЛТА), паглядзім. Ну, прайшлі выбары — чакаем прапаноў».
«Але наступаць нам на грудзі каленам, націскаць і патрабаваць (недапушчальна. — Заўвага БЕЛТА): «Гэтага адпусці, палітзняволеных, у вас сістэма не тая!» Ды бог з вамі! Вы сваю сістэму ў час выбараў паказалі. Да смешнага дайшлі з гэтым рэферэндумам вар’яты: «Будзем зносіць сцяну (узведзеную ў Польшчы на граніцы з Беларуссю. — Заўвага БЕЛТА) або не будзем?» — адзначыў Прэзідэнт.
Як паведамлялася БЕЛТА, на ўрачыстым сходзе да Дня Незалежнасці Аляксандр Лукашэнка заявіў аб неабходнасці жыць з суседзямі хаця б у «благім міры». «Нашаму ўраду, Міністэрству замежных спраў трэба прапанаваць ім план добрасуседства і міру. Мы чарговы раз працягваем вам руку міралюбнасці», — сказаў тады кіраўнік дзяржавы.