Воскресенье, 14 июля 2024

Лукашэнка назваў умовы выкарыстання ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі

31

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі ў Мінскую вобласць назваў умовы магчымага выкарыстання ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле версіі заходніх СМІ, Расія імкнецца размясціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю да саміту НАТА, які пройдзе ў Вільнюсе 11-12 ліпеня, і гэтыя дзеянні трактуюцца як спроба ядзернага шантажу. Прэзідэнта папрасілі расставіць кропкі над «i», спытаўшы, навошта ў Беларусі ядзерная зброя і якія ўмовы яе захоўвання і выкарыстання.

«Расія ні да чаго не імкнецца. Не ў Расіі справа», — адказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што размяшчэнне ў Беларусі ядзернай зброі было яго просьбай і настойлівым патрабаваннем да расійскага боку, каб гарантаваць бяспеку нашай краіны.

«Спачатку я прасіў Пуціна. Потым я настойліва па-сяброўску запатрабаваў — вярні мне пакуль гэту зброю (тактычную, а не стратэгічную ядзерную зброю. — Заўвага БЕЛТА). Мне яе дастаткова», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт на гэтым этапе не бачыць неабходнасці для размяшчэння стратэгічнай ядзернай зброі, напрыклад расійскіх «Таполяў»: «Навошта мне стратэгічная, тыя ж «Таполі»?.. Хоць мы цяпер рыхтуем пляцоўкі і пад гэтыя ўзбраенні. Яны ўсе жывыя-здаровыя, акрамя адной. Таму калі трэба, мы ў любы момант…»

«Але «Таполя» — гэта міжкантынентальная ракета. Я што, з Амерыкай збіраюся ваяваць? Не. Таму мне пакуль дастаткова гэтай (тактычнай ядзернай. — Заўвага БЕЛТА) зброі», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

«Гэта было маё патрабаванне. Гэта не Расія мне навязвала. Чаму? Таму што з ядзернай дзяржавай, як вы ўсе кажаце, ніхто яшчэ ў свеце не ваяваў. І я не хачу, каб з намі ваявалі. Пагроза такая ёсць? Ёсць. Я павінен прадухіліць гэту пагрозу», — растлумачыў Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што адной з першых яго прапаноў расіянам было ўзброіць ядзернымі боегалоўкамі некалькі беларускіх «Паланэзаў». Але гэта аказалася вельмі складаным. Таму прынялі рашэнне перадаць тактычную ядзерную зброю, папярэдне падрыхтаваўшы сховішчы. «Усё гатова. Думаю, пройдзе некалькі дзён, і мы будзем мець тое, што мы і прасілі. І нават крыху больш», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Умовы, створаныя для захоўвання такой зброі, па строгасці патрабаванняў, якія неабходна выконваць, параўнальныя, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, з аперацыйным блокам бальніцы. Беларускі бок выканаў усе патрабаванні, і нават расіяне, калі прыехалі, ахнулі. «Кажуць: «Хіба такое магчыма?» Так, магчыма, — заўважыў Прэзідэнт. — Мы ўсё падрыхтавалі, і рэалізуем тую праграму, якую з Прэзідэнтам Расіі намецілі».

Гаворачы аб прычынах размяшчэння ў Беларусі расійскай тактычнай ядзернай зброі, Прэзідэнт сказаў: «Навошта гэта патрэбна? Каб ні адна нага якой-небудзь сволачы не ступала больш на беларускую зямлю».

А прычына прымянення такой зброі, паводле яго слоў, можа быць толькі адна — агрэсія супраць Беларусі. «І адказ будзе неадкладным. Я гэта раней гаварыў ужо некалькі разоў», — дадаў беларускі лідар.

Падкрэсліўшы значную магутнасць той ядзернай зброі, якая будзе размешчана ў Беларусі, кіраўнік дзяржавы заявіў: «Я думаю, наўрад ці камусьці захочацца ваяваць з краінай, у якой ёсць такая зброя. Гэта зброя стрымлівання».

Аднак сітуацый, калі давялося б яе прымяніць, зразумела, хацелася б пазбегнуць. «Не дай бог мне давядзецца прымаць рашэнне на прымяненне гэтай зброі ў сучасны час. Але ніякага вагання не будзе, калі толькі супраць нас будзе агрэсія», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

БЕЛТА