Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў фінал ХІІІ Нацыянальнага конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь — 2023», паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Фінальнае шоу конкурсу было арганізавана ў сталічным Палацы спорту. Паглядзець на яркае відовішчнае дзейства і, вядома, падтрымаць прэтэндэнтак на карону з розных рэгіёнаў краіны прыбылі тысячы чалавек. Сярод гледачоў на трыбунах прысутнічаў і кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.
За тытул «Міс Беларусь» у фінале змагаліся 24 дзяўчыны. Вызначалася з выбарам лепшай кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі тэлевядучая Паліна Шуба, галоўны балетмайстар Вялікага тэатра оперы і балета Ігар Колб, кіраўнік Нацыянальнай школы прыгажосці Бажэна Ярэміч, беларускі аўтагоншчык Сяргей Вязовіч, першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў, дырэктар прадстаўніцтва МТРК «Мір» у Беларусі Вольга Шпілеўская.
Уладальніцай тытула Міс Беларусь 2023 стала Элеанора Качалоўская. Дзяўчыне 23 гады, яна працуе менеджарам у мадэльным агенцтве ў Нацыянальнай школе прыгажосці. «Жыццёвы дэвіз — «Не праходзь міма». Менавіта так у доме Элеаноры з’явіўся яе лепшы сябар, шчаня па імені Тыгр, якога яна падабрала на вуліцы», — гаварылася ў конкурснай візітцы дзяўчыны.
За перамогу ў конкурсе яна атрымала ў падарунак грашовы прыз, ювелірнае ўпрыгажэнне, аўтамабіль Geely і яшчэ нечаканы падарунак ад Міністэрства інфармацыі — збор твораў Янкі Купалы. Справа ў тым, што ў час фіналу дзяўчаты адказвалі на пытанні вядомых беларускіх жанчын. Артыстка тэатра Янкі Купалы спытала Элеанору, хто аўтар п’есы «Паўлінка». Але дзяўчына, разгубіўшыся ад хвалявання, адказаць не змагла.-0-
Элеанора Качалоўская