Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 чэрвеня прыняў удзел у рэспубліканскім свяце выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
«Дарагія сябры, добры вечар! Дазвольце мне ўпершыню ў новым фармаце, сустракаючыся з новымі людзьмі тут, у цэнтры нашай сталіцы, вітаць вас і павіншаваць з вялікім святам у жыцці. Святам адзіным, якое ніколі не паўторыцца. Падыходзячы сюды, я так і падумаў, што тут выключная атмасфера. І гэту атмасферу робіце вы — сваёй маладосцю і прыгажосцю. А як інакш? Вашу сённяшнюю эйфарыю лёгка зразумець. Мінулі напружаныя гады вучобы, залікаў, экзаменаў, бяссонных начэй (я маю на ўвазе начэй, праведзеных з падручнікам). А заўтра ў вас — новае жыццё. Таму сёння весяліцеся, а заўтра з новымі сіламі — да новых поспехаў. Вы будзеце ўжо выхоўваць, вучыць, лячыць, будаваць, развіваць тэхналогіі, ствараць шэдэўры мастацтва і яшчэ шмат іншага. Будзеце ахоўваць мір, забяспечваць нацыянальную бяспеку», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Момант сур’ёзны яшчэ і таму, што з заўтрашняга дня ў вашых руках, у кожнага маладога выпускніка, маладога чалавека будзе часцінка нашай радзімы. А разам мы будзем трымаць нашу краіну, нашу Радзіму ў нашых руках. І, як я раніцай сёння ўзнагароджаным ужо сказаў: глядзіце, гэта ўжо ваша адказнасць. Не ўпусціце сваю зямлю, іншай у вас не будзе. Дзе б ні былі вы, дзе б ні вучыліся далей, дзе б вы ні працавалі. Гэта ваша. І сваё нікому не аддавайце», — заклікаў маладых людзей Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што хутка выпускнікі раз’едуцца на свае першыя працоўныя месцы па розных кутках Беларусі. І чым меншы будзе гэты куток, тым больш прыкметнымі будуць маладыя людзі, тым большы будзе іх уклад у гісторыю роднай краіны, заявіў Аляксандр Лукашэнка. «Нашай утульнай краіны, прыгожай, чыстай Беларусі, якую мы, безумоўна, усе любім», — падкрэсліў ён.