Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам заявіў аб гатоўнасці нарошчваць тавараабарот і падтрымаў адкрыццё магутнага гандлёвага цэнтра, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Сустракаем вас як сябра. Вы вельмі блізкі беларускаму народу, вас вельмі добра ведаюць. Вас паважаюць за вашу адкрытасць, прастату, душэўнасць, як і ўвесь таджыкскі народ», — сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў развіццё эканомікі Таджыкістана, нягледзячы на складаную абстаноўку вакол краіны. «Ведаю, што ва ўсіх у нас сёння абстаноўка не простая. У вас заўсёды яна была няпростая. Вас там з поўдня падаграваюць пастаянна. Ведаю, што няпроста. Але я заўсёды дзіўлюся таму, як вам удаецца ў гэтай сітуацыі трымаць эканоміку. Я вельмі рады, што вы паступова, але ўпэўнена дабаўляеце ў электраэнергетыцы. Я буду вельмі рады, калі вы вялікую колькасць электраэнергіі будзеце прадаваць у тым рэгіёне. Гэта добры даход працавітаму таджыкскаму народу», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Каменціруючы двухбаковыя адносіны, Прэзідэнт Беларусі адзначыў наяўнасць нядрэннага тавараабароту і прырост, які адбываецца ў бягучым годзе. «Пад $100 млн мы асвоім тавараабарот. Але я хачу, каб вы разумелі: мы гатовы вашу прадукцыю, асабліва сельскагаспадарчую (якой у нас, на жаль, няма) купляць у любых аб’ёмах. У сувязі з гэтым Таджыкістан звярнуўся да нас з просьбай аб стварэнні тут магутнага гандлёвага цэнтра. Вы павінны ведаць, што мы ўсё зробім для таго, каб ён тут быў. Мы прапанавалі вашым ініцыятарам тры месцы ў Мінску. Калі не задавольвае, падбяром яшчэ ўчастак. Гатовы сумесна з вамі ў гэтых адносінах працаваць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Ваша ўся прадукцыя, якую вы вырабляеце, — алюміній, бавоўна і іншае — яна будзе тут вельмі сур’ёзна запатрабавана, калі вы зможаце нам яе пастаўляць. Словам, і эканоміка, і палітыка, і гуманітарная сферы ў нас развіваюцца нядрэнна. І ў ваенна-тэхнічных адносінах мы таксама працуем нядрэнна. Гатовы павялічваць аб’ёмы тавараабароту ў такой ступені, у якой гэта неабходна для дружалюбнага нам Таджыкістана», — дадаў Прэзідэнт Беларусі.