Міжканфесійны мір з’яўляецца самым галоўным дасягненнем Беларусі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 14 сакавіка на сустрэчы з Сінодам Беларускай праваслаўнай царквы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт са шкадаваннем адзначыў, што сусветнае праваслаўе цяпер перажывае няпростыя часы: «Мы гэта вымушаны прызнаць. Немагчыма без болю глядзець на рэлігійнае процістаянне ў нашай брацкай Украіне: захоп храмаў, крымінальнае праследаванне свяшчэннікаў, барацьба за галоўную святыню нашага праваслаўя — Кіева-Пячэрскую лаўру».
«Трагедыя разгараецца і на Святой Зямлі, якая мае сакральнае значэнне для ўсіх сусветных рэлігій. На жаль, мы бачым спробы ўцягнуць у гэты канфлікт як мага больш іншых краін і народаў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу: асаблівасцю Беларусі з’яўляецца тое, што цэнтры кіравання традыцыйных канфесій размешчаны за межамі краіны. «Як мы бачым, сёння шэраг з іх апынуліся ў эпіцэнтры ўзброеных канфліктаў», — заўважыў ён.
«Усе самыя кровапралітныя войны на зямлі пачыналіся на глебе рэлігійных рознагалоссяў. Гэту карту і сёння разыгрываюць ідэолагі каляровых рэвалюцый і мяцяжоў. У такіх умовах важна захаваць роўнасць правоў і дыялог паміж прадстаўнікамі ўсіх веравызнанняў. Бо яшчэ Уладыка Філарэт адзначаў, што міжканфесійны мір — самае галоўнае дасягненне Беларусі», — заявіў Прэзідэнт.-0-