Для таго каб у краіне быў мір, трэба працаваць, працаваць і працаваць. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час размовы з жыхарамі аграгарадка Вішоў Бялыніцкага раёна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Жыхары Вішова сабраліся на вуліцы, заўважыўшы, што да іх у аграгарадок прыехаў кіраўнік дзяржавы. На прыкладзе Вішова Прэзідэнт азнаямляўся з пілотным праектам па рамонце вулічна-дарожнай сеткі ў перспектыўных сельскіх населеных пунктах.
«Мы рады, што вы да нас прыехалі. Дзякуй вам, што тут мір, што мы пенсіі своечасова атрымліваем, у такой прыгажосці жывём!» — звярнулася да Аляксандра Лукашэнкі адна з жыхарак.
«Вось бачыце, 25-30 гадоў таму ўсе крычалі: раздзяліць калгасы, саўгасы — фермерам раздаць. Другі гвалт быў: чаго ты дапамагаеш гэтым калгасам, саўгасам, грошы закопваеш. Чаму і дапамагаю: таму што на яго плечы (кіраўніка гаспадаркі. — Заўвага БЕЛТА) кладзецца не толькі бізнес (на полі нарыхтаваў, на ферме вырабіў, прадаў), а вуліцы, вёскі, пенсіянеры. Усё гэта на яго плячах. Плюс старшыня сельскага Савета. Таму я і дапамагаю калгасам, саўгасам, таму што яны глядзяць за пенсіянерамі, школамі, садамі і іншае. Гэта не фермера работа, гэта дзяржавы. Таму я ад гэтага і не адыходзіў, няхай будзе», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Вунь тыя, хто разбурыў, сёння ваююць. І ўжо зямля нават там не іх фермераў, а дзядзькоў з акіяна. І ў нас гэта было. Давялося імем рэвалюцыі адбіраць. Вось для таго, каб быў мір, нам трэба працаваць, працаваць і працаваць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
1 кастрычніка ў Беларусі будуць адзначаць Дзень настаўніка. У сувязі з гэтым жыхары аграгарадка павіншавалі Прэзідэнта са святам: кіраўнік дзяржавы мае да яго непасрэднае дачыненне.
«А зараз вы настаўнiк ужо дзяржавы! — заявілі жыхары Вішова. — Мы вельмі жадаем, каб вы заставаліся з намі як мага даўжэй».
«Мы з вамі вызначымся, як жыць далей, не хвалюйцеся. Настане час, мы выберам добрага кіраўніка. Толькі трэба акуратна і галаву на плячах трымаць», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.