Пятница, 14 февраля 2025

Лукашэнка і Пуцін наведалі буйнейшы хакейны стадыён у свеце

67

Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін разам наведалі ў Санкт-Пецярбургу буйнейшы хакейны стадыён у свеце — нядаўна ўзведзеную «СКА Арэну», перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Да гэтага кіраўнікі дзяржаў разам у фармаце відэаканферэнцыі прынялі ўдзел у мерапрыемстве па ўводзе ў доследную эксплуатацыю новага зімовачнага комплексу на станцыі «Усход» у Антарктыдзе. Пасля яго завяршэння Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін працяглы час размаўлялі сам-насам.

«СКА Арэна» — хакейны стадыён клуба СКА ў Санкт-Пецярбургу. Будаўнічыя работы пачаліся ў 2020 годзе і завяршыліся ў 2023-м. Спартыўная пляцоўка размешчана на месцы знесенага СКК «Пецярбургскі». Арэна ўмяшчае больш за 21,5 тыс. гледачоў на хакейныя матчы, што робіць яе буйнейшым хакейным стадыёнам у свеце.

Прэзідэнтам расказалі пра будаўніцтва і асаблівасці новай арэны, выкарыстаныя тэхнічныя і канструктыўныя рашэнні.

«Шыкоўна зрабілі, — ацаніў убачанае беларускі лідар. — Зручна, відаць усё. Так, уражвае».

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін агледзелі розныя памяшканні «СКА Арэны», азнаёміліся з умовамі, створанымі як для ігракоў, так і для балельшчыкаў.

Кіраўнікі дзяржаў цёпла пагутарылі з ігракамі каманды СКА, паназіралі за трэніроўкай на лёдзе. Лідарам краін на памяць падарылі хакейныя джэрсі з сімволікай каманды.

«Я мару, каб мінскае «Дынама» ўжо тут іншы раз выйгравала ў СКА!» — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Хакеісты запрасілі кіраўнікоў дзяржаў на сумесную трэніроўку, на што беларускі лідар заявіў: «Я прыйду, калі вы з «Лакаматывам» будзеце гуляць. Буду за вас балець, і ніхто пытанняў не задасць. Але ў вас будзе цяжкая гульня, хлопцы. «Лакаматыў» прайграў дзве гульні, і такія злыя яны цяпер. Таму рыхтуйцеся!»

Сярод хакеістаў СКА ёсць і беларусы. Прэзідэнты, у прыватнасці, пагутарылі са Сцяпанам Фалькоўскім. Раней ён выступаў за мінскае «Дынама», а цяпер  абаронца піцерскай каманды. «Пакуль у абароне, так? Ён на хакейнай пляцоўцы «бацька» — здаравейшы за ўсіх, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я павінен табе сказаць, што ты за год вырас. Ён хутчэйшы стаў. Часам цягамоціна ў яго была — я назіраў за ім. Але цяпер ён больш наперадзе гуляе, чым ззаду: паспявае ўжо ў абарону. Намнога хутчэйшы стаў».

Сваімі ўражаннямі ад новай арэны кіраўнік дзяржавы падзяліўся і ў час перагавораў з Уладзімірам Пуціным, якія адбыліся ў гэты ж вечар.

«Гэта сапраўды палац для развіцця спорту. Прытым розных відаў. Культурна-спартыўны. Там можна праводзіць любыя мерапрыемствы. Вельмі сур’ёзна зроблены, — сказаў Прэзідэнт. — І з хлопцамі (ігракамі каманды СКА. — Заўвага БЕЛТА) сустрэліся, і з беларусамі, якія працуюць і гуляюць тут. І расіяне, якіх я бачыў толькі на пляцоўцы. Адкрытыя, прыстойныя людзі. Таксама вельмі важна. Думаю, знойдзем у сваім графіку нейкі момант, каб паглядзець гульню на гэтым цудоўным стадыёне».

СКА — адзіны прадстаўнік Санкт-Пецярбурга ў Кантынентальнай хакейнай лізе, дзеючы ўладальнік Кубка Кантынента. Сёння СКА — асноўны донар зборных Расіі ўсіх узростаў.

Каманда знаходзіцца на першым месцы ў Заходняй канферэнцыі ў табліцы Кантынентальнай хакейнай лігі, адзін з фаварытаў у барацьбе за галоўны трафей — Кубак Гагарына.

Плануецца, што першы матч на «СКА Арэне» адбудзецца 11 лютага.

БЕЛТА