Галоўны крытэрый у ацэнцы кадраў — вынік. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па ўдасканаленні работы з кадрамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
«Гэта наш, дарэчы, вялікі недахоп (і мой таксама). Мы ўсякую размазню пачынаем слухаць. Калі Адміністрацыя недзе недапрацоўвае або не працуе, то ва ўрада з’явіўся, на мой пункт гледжання, крэн — прыгожа расказаць, растлумачыць, упакаваць мудрагеліста і паспрабаваць мне даказаць, што гэта немагчыма», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён прывёў у прыклад работу па стварэнні вытворчасці новых боепрыпасаў. Першапачаткова Прэзідэнту дакладвалі, што арганізаваць гэта будзе вельмі складана. Але кіраўнік дзяржавы даручыў сур’ёзна заняцца гэтым пытаннем, і ў выніку пастаўленыя ім задачы былі выкананы.
«Вы проста не разумееце, з кім маеце справу. Вопыт у мяне ёсць. І крытэрыі мною вызначаны асабіста. Таму не спрабуйце мне тут нешта даказаць. Галоўнае ў ацэнцы кадраў — вынік. Даручана ў кожным раёне рэалізаваць адзін інвестыцыйны праект — рэалізоўвайце. Не рэалізавалі — значыць, вам там рабіць няма чаго, — падкрэсліў Прэзідэнт. — А так мне расказваюць: старшыня райвыканкама не цягне, не дацягвае, вось чуць-чуць, вымову аб’явім, перавыхаваем. Слухайце, вы што? Каго вы перавыхаваеце? Яму ўжо за сорак, пад пяцьдзясят, а вы яго хочаце перавыхаваць. Калі ён на такой пасадзе, якая на вачах ва ўсіх (гэта і губернатараў датычыцца, і членаў урада — усіх службовых асоб), і калі ён не выдаў вынік, што вы ад яго чакаеце? Чым далей будзе, тым горш».
У якасці яшчэ аднаго прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў стан спраў у сельскай гаспадарцы. Кожную раніцу кіраўнік дзяржавы атрымлівае зводкі з палёў. Прэзідэнт параўнаў: Брэсцкая і Гродзенская вобласці знаходзяцца прыкладна ў аднолькавых умовах, але ў першай тэмпы работ па нарыхтоўцы кармоў у два разы вышэйшыя.
«У чым справа? Я ж не параўноўваю Гродна і Брэст з Віцебскам. А хто гарантуе Караніку (старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміру Караніку. — Заўвага БЕЛТА), што заўтра ўся яго тэхніка і ён не будуць перакінуты ў Віцебск для таго, каб аказаць падтрымку там? Вы чаго марудзіце? Мне патрэбны вынік, асабліва ў крытычнай сітуацыі, — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы. — У сельскай гаспадарцы сітуацыя няхай не крытычная, але вельмі сур’ёзная. Але гэта мы на наступным тыдні паслухаем урад, як ён думае з гэтай сітуацыі выходзіць».
«Але гэта так, прыклад. Каб вы разумелі, што, гледзячы на краіну, я ацэньваю работу кадраў і думаю: а чаму няма ў гэтым напрамку руху, вы чаго чакаеце? Таму ніякіх размазванняў, размоў і бойкіх дакладаў не трэба. Патрэбны вынік. І па гэтым крытэрыі будзем ацэньваць усе кадры», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.