Понедельник, 9 декабря 2024

Лукашэнка: эканоміка Беларусі дае магчымасць накіраваць больш грошай на сацыяльную падтрымку насельніцтва

35

Эканоміка Беларусі дае магчымасць накіраваць больш грошай на сацыяльную падтрымку насельніцтва. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, прымаючы чыноўнікаў з дакладам аб удасканаленні сацыяльнай падтрымкі насельніцтва, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Гаворка пойдзе на нашай нарадзе аб пытаннях сацыяльнай падтрымкі, як мы іх называем, слабаабароненых катэгорый нашых грамадзян. Тэма важная. Сацыяльна арыентаваная дзяржава. Зразумела, што ў такой сітуацыі, пры такой палітыцы мы і пенсіянераў, і інвалідаў, і дзяцей-сірот павінны падтрымліваць. Ну і ўвогуле па тым, як мы вырашаем гэтыя пытанні, робяць выснову пра ўладу», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Сацыяльныя праграмы, між іншым, у нас у краіне вельмі шырокія. Наша эканоміка прадастаўляе магчымасць накіраваць больш грошай менавіта ў гэту сферу, што мы і робім. Але я ўжо некалькі разоў гаварыў: і перабору і тут быць не павінна. Мы павінны, прымаючы тыя ці іншыя рашэнні, заўсёды разумець, у якой сітуацыі мы знаходзімся. І абавязкова разумець, што можам мы сёння прымаць, што не можам. І, самае галоўнае, ці выканаем мы гэта. Прынятыя рашэнні павінны выконвацца», — падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўніку дзяржавы быў прадстаўлены праект дакумента ў гэтай сферы. «За сталом распрацоўшчыкі адпаведнага дакумента. Хацеў бы пачуць адказы менавіта на гэтыя пытанні: што вы прапануеце прыняць і ці зможам мы гэта выканаць? І, самае галоўнае, ці патрэбна нам гэта, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Ніякага спаборніцтва тут быць не павінна: нехта будзе гаварыць, што ў нас грошай не хопіць, а нехта будзе выступаць у ролі нейкага вялікага дабрадзея — з пазіцыі падтрымкі нашага насельніцтва».

На даклад да кіраўніка дзяржавы былі запрошаны віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Ягораў, міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка, міністр фінансаў Юрый Селіверстаў, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый Сянько.

БЕЛТА