Понедельник, 4 ноября 2024

Лукашэнка: эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і Кубы павінна адпавядаць узроўню палітычнага

37

Узровень эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Кубы павінен адпавядаць узроўню палітычных адносін і гуманітарнага ўзаемадзеяння. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Кубы Мануэлем Марэра Крусам, паведамляе БЕЛТА.

«Рады бачыць пасланца Вострава свабоды ў Беларусі. Гаварыць нешта пра беларуска-кубінскія адносіны, характарызаваць іх, я думаю, няма ніякай неабходнасці: мы заўсёды падтрымлівалі з вамі цёплыя і дружалюбныя адносіны. Вы павінны ведаць, што і ў далейшым мы будзем прытрымлівацца гэтых жа падыходаў», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на дыпламатычным і палітычным узроўні (можна нават сказаць, на ідэалагічным) краіны прытрымліваюцца адзіных падыходаў і не маюць разыходжанняў у поглядах. «Але вы як чалавек практычны, які ўзначальвае ўрад, добра разумееце, што асновай усяго гэтага, фундаментам з’яўляецца эканоміка, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Рыхтуючыся да гэтай сустрэчы і вывучаючы ўвесь спектр гандлёва-эканамічных адносін, я выявіў, што нам трэба сур’ёзна эканамічныя і гандлёвыя пытанні падцягваць да пытанняў палітычных. Вывад з майго боку адзін: гандлёва-эканамічныя адносіны значна адстаюць ад палітычных і гуманітарных».

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, некаторыя пытанні не вырашаюцца дзесяцігоддзямі. Яны абмяркоўваюцца на розных узроўнях, але руху па іх ніякага няма. «Нам трэба правесці рэвізію нашых адносін і вычленіць тыя напрамкі, па якіх мы будзем супрацоўнічаць, і вырашаць тыя праблемы, якія сёння трэба вырашыць, але яны не вырашаны», — сказаў беларускі лідар.

Кіраўнік кубінскага ўрада прыляцеў з афіцыйным візітам у Беларусь 9 лістапада. У яго таксама запланаваны перагаворы з прэм’ер-міністрам Раманам Галоўчанкам, кіраўнікамі абедзвюх палат беларускага парламента і членамі рабочай групы Нацыянальнага сходу па супрацоўніцтве з парламентам Кубы. Знаходзячыся з візітам у Беларусі, Мануэль Марэра Крус азнаёміцца з яе прамысловым патэнцыялам і магчымасцямі ў перапрацоўцы мясной і малочнай сыравіны.

У гэтым годзе гандаль паміж Беларуссю і Кубай паказвае добрыя вынікі. За студзень-верасень тавараабарот дасягнуў $10,5 млн, тэмп росту ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года — 307 працэнтаў. Дадатнае сальда для Беларусі павялічылася амаль у 9 разоў і склала $7,9 млн. Прырастае (больш як на 20 працэнтаў) і экспарт паслуг: за студзень-ліпень ён склаў $155,2 тыс. Калі ў мінулым годзе Беларусь аказвала Кубе дзелавыя паслугі, то у гэтым у асноўным аказваліся тэлекамунікацыйныя, камп’ютарныя і інфармацыйныя паслугі.

Цяпер абедзве краіны сканцэнтраваны на тым, каб нарасціць узаемны тавараабарот. У ліпені Кубу з афіцыйным візітам наведала беларуская дэлегацыя на чале з міністрам замежных спраў Сяргеем Алейнікам. Тады бакі абмеркавалі ўвесь спектр беларуска-кубінскіх адносін і спосабы іх актывізацыі, у тым ліку праз механізм двухбаковай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Традыцыйна асаблівая ўвага была ўдзелена пастаўкам беларускай тэхнікі і запасных частак, запатрабаваных прадуктаў харчавання і іншай беларускай прадукцыі. Асобным у час праведзеных сустрэч стала абмеркаванне беларуска-кубінскага супрацоўніцтва і перспектыўных сумесных праектаў у сферы навукі, біятэхналогій і фармакалогіі.

БЕЛТА