Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў стварыць камісію, якая будзе займацца пытаннямі экспарту беларускіх тавараў. Аб гэтым стала вядома ў час сустрэчы Кіраўніка дзяржавы з паслом Беларусі ў Расіі Дзмітрыем Крутым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адпаведны ўказ аб стварэнні камісіі павінен быць падпісаны ў бліжэйшы час. Як дакладна яна будзе называцца, пакуль невядома, але ўзначаліць яе Дзмітрый Крутой.
«Прапісвайце сабе нармальныя ва ўказе паўнамоцтвы, – запатрабаваў Прэзідэнт. — Вядома, гэта будзе нагрузка на той апарат, які ў вас існуе. Нічога, ты як новы чалавек знойдзеш тых людзей, якія сёння ў вас недазагружаны або якія могуць выканаць большы аб’ём работы. Але і тут міністраў, апарат урада — трэба задзейнічаць усіх, каго вы палічыце патрэбным».
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў дакладваць яму непасрэдна, калі ў рабоце камісіі будуць узнікаць якія-небудзь пытанні. «Ваша справа, як вы будзеце планаваць гэту работу. Калі да мяне будуць звяртацца людзі, яны адразу ж пойдуць да вас. А вы там збірайцеся разам і абмяркоўвайце. У вас у характары калегіяльнасць прысутнічае, я думаю, што і адказнасць у вас прысутнічае. Непасрэдна дакладвайце, гаварыце, што трэба будзе зрабіць», – сказаў Прэзідэнт.
«Мы выстаялі. Цяпер трэба паднімацца з калень. Санкцыі, не санкцыі – увесь свет і мінеральныя ўгнаенні гатовы купляць, і нафтапрадукты. Нават у Расіі дэфіцыт. І гэтак далей. Таму няма такіх тавараў у Беларусі, якія мы не можам прадаць. Проста трэба варушыцца. Вы, ваша камісія адказныя за асабліва важныя групы тавараў», – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Як расказаў журналістам Дзмітрый Крутой, Прэзідэнт патрабуе, каб гэта камісія не ўмешвалася ў бягучую дзейнасць прадпрыемстваў, а была своеасаблівым галіновым органам і ўносіла прапановы па фундаментальных пытаннях.
«Напрыклад, па пытаннях лагістыкі або чыгуначных тарыфаў. Гэта значыць, па тых рэчах, якія дырэктар нашага прадпрыемства не зможа самастойна вырашыць у Расіі, дзе, магчыма, патрабуецца ўмяшанне прэм’ер-міністра або прэзідэнцкі ўзровень», – растлумачыў пасол.
Камісія ў першую чаргу будзе працаваць з важнейшымі групамі тавараў. Кіраўнік дзяржавы даручыў вызначыць 75 галоўных пазіцый.
Адказваючы на пытанне, ці будзе займацца камісія экспартам толькі ў Расію або экспартам наогул, пасол адзначыў: «У першую чаргу, вядома, экспартам у Расію».