Суббота, 13 апреля 2024

Лукашэнка даручыў сістэме адукацыі правесці работу над памылкамі. На якіх праблемах засяродзіў увагу Прэзідэнт

19

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў сістэме адукацыі правесці работу над памылкамі. Такі вынік праведзенай у кіраўніка дзяржавы нарады аб гатоўнасці сістэмы адукацыі да новага навучальнага года, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнта ў першую чаргу цікавілі не агульныя лічбы, як той жа працэнт гатоўнасці школ і іншыя паказчыкі, а шырокі спектр праблемных пытанняў, якія датычацца сферы адукацыі. Менавіта таму першапачаткова прапанаваны кіраўніку дзяржавы традыцыйны даклад міністра і профільнага віцэ-прэм’ера па фармаце вырас да нарады. На мерапрыемства спецыяльна былі запрошаны кіраўнікі Генеральнай пракуратуры і Камітэта дзяржкантролю, каб пачуць ацэнкі кантралюючых органаў.

У выніку нарада прайшла ў вельмі крытычным ключы. Аляксандр Лукашэнка фактычна не прыняў справаздачы ні міністра, ні віцэ-прэм’ера. Размова не ідзе аб тым, што ў айчыннай сістэме адукацыі ўсё дрэнна. Наадварот, планамерная работа па шэрагу напрамкаў вядзецца, і гэта ўсе адзначаюць, але нават адзінкавыя недаходпы і хібы ў гэтай сферы для Прэзідэнта недапушчальныя. Не гаворачы ўжо аб праблемных пытаннях, якія маюць сістэмны характар.

Як стала вядома, кіраўнік дзяржавы даручыў адклікаць з водпуску прэм’ер-міністра: праз тыдзень пад кіраўніцтвам кіраўніка ўрада павінна адбыцца шырокая нарада. Аляксандр Лукашэнка даручыў кантралюючым органам там яшчэ больш падрабязна далажыць інфармацыю, каб правесці дэталёвы разбор з выпрацоўкай плана дзеянняў, як аператыўна ўстараніць усе недахопы. А ўжо ў пачатку верасня адбудзецца новая справаздача Прэзідэнту.

Дарожная і пажарная бяспека: навесці парадак

У ліку праблемных момантаў, на якія ўказаў генеральны пракурор Андрэй Швед, — пытанні бяспекі, уключаючы пажарную. Не ва ўсіх установах адукацыі ў гэтым пытанні наведзены поўны парадак. Ёсць прэтэнзіі і да работы па прафілактыцы ДТЗ.

«У шэрагу выпадкаў намі выяўлена негатоўнасць або няпоўная гатоўнасць школ да новага навучальнага года з пункту гледжання мер па дарожнай бяспецы дзяцей на прылеглых тэрыторыях. У некаторых выпадках мы выявілі, што пажарныя выхады завалены хламам, вогнетушыцелі і іншыя сродкі проціпажарнай бяспекі не ў парадку. Дзеці павінны знаходзіцца ў бяспечных умовах, — звярнуў увагу Андрэй Швед. — Акрамя таго, намі прапанаваны меры па ўзмацненні абароны правоў дзяцей ад насільных дзеянняў».

Асобную ўвагу Генпракуратура ўдзяліла і выкананню заканадаўства непаўналетнімі. Тут таксама ёсць нямала пытанняў, над якімі давядзецца працаваць.

Падтрымка дзяцей-сірот: прадугледзець дадатковыя меры

Дастаткова крытычна на нарадзе падышлі да пытання забеспячэння дзяцей-сірот. Гэта тая катэгорыя, якая найбольш неабароненая, і ёй трэба ўдзяляць больш увагі, тым больш што ў дзяржаве ёсць для гэтага ўсе магчымасці, упэўнена Генеральная пракуратура. Дарэчы, сёння 88 працэнтаў дзяцей-сірот пражываюць у дамах сямейнага тыпу, астатнія — у інтэрнатах. Задача ад Прэзідэнта — дайсці да кожнага, у тым ліку ў аддаленых раёнах.

Генпракуратура прапануе перагледзець патрабаванні заканадаўства і вызначыць дадатковую падтрымку гэтай катэгорыі навучэнцаў. «Напрыклад, па медыцынскіх паказчыках. Калі дзіцяці патрэбны акуляры, каб дзяржава ў тым ліку і гэтым забяспечвала такіх дзяцей. Таму што іх трэба абараняць, а абараніць іх можа толькі дзяржава», — падкрэсліў Андрэй Швед.

Падручнікі: стварыць маніторынгавую групу

Яшчэ адна праблемная сфера — падручнікі. Нягледзячы на шматгадовую ўвагу гэтаму пытанню і работу, якую праводзіць Міністэрства адукацыі, праблемы застаюцца. Як расказаў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў, на нядаўнюю прамую лінію паступіў літаральна шквал званкоў ад грамадзян з нараканнямі наконт гэтага. «З пункту гледжання прастаты, адэкватнасці падаваемай інфармацыі. Кіраўніком дзяржавы даручана яшчэ раз перагледзець усе падручнікі і ўжо да нечага прыходзіць», — адзначыў кіраўнік КДК.

На нарадзе нават разбіралі прэтэнзіі на канкрэтных прыкладах, зачытваючы цытаты з заданняў з падручнікаў. Аляксандр Лукашэнка даручыў пад эгідай Генеральнай пракуратуры і Камітэта дзяржкантролю стварыць маніторынгавую групу менавіта па тэме падручнікаў. У групу ўвойдуць вучоныя, спецыялісты, філолагі.

Школьныя базары: завышэнне цэн будзе спыняцца

Васіль Герасімаў расказаў і пра негатыўныя факты ў рабоце школьных базараў, калі некаторыя прыватнікі больш як у два разы завышаюць цэны на тавары. На жаль, такія выпадкі не адзінкавыя. Але сітуацыя маніторыцца, і да нядобрасумленных гандляроў прымаюцца неабходныя меры.

«Гэтыя факты будуць жорстка спыняцца, як гэта рабілася дагэтуль, — папярэдзіў старшыня КДК. — Цэны ў нас устаноўлены, ніхто не мае права завышаць. Апошні выпадак быў — завышэнне ў 2,6 раза. Зразумела, што мы такія факты спыняем і гандаль забараняем. І гэта будзе рабіцца паўсюдна».

Падвоз навучэнцаў: зрухі ёсць, але недахопы застаюцца

Сярод асноўных крытычных тэм гучала і ўзнятая яшчэ ў пачатку нарады тэма падвозу. «На жаль, быў шэраг недахопаў. Зрухі ў гэтым пытанні, безумоўна, ёсць. Аднак усе меры дагэтуль не прыняты, і мы абазначылі шляхі вырашэння гэтага пытання», — адзначыў Васіль Герасімаў.

Аб арганізацыі харчавання: навесці базавы парадак

Шмат гаварылася і адносна арганізацыі харчавання ў школах, фактах крадзяжу. Міністр адукацыі Андрэй Іванец нагадаў, што нядаўна ў Беларусі правялі пілотны праект з апрабацыяй новых тэхналогій прыгатавання ежы і прынцыпаў арганізацыі школьнага харчавання. «Распрацавана больш як 350 новых тэхналагічных страў, праходзць даволі сур’ёзнае абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы харчаблокаў», — дадаў ён.

Эксперыменты і навацыі ў гэтай сферы — гэта ўсё добра, адзначыў Прэзідэнт. Але кіраўнік дзяржавы патрабуе ў першую чаргу навесці базавы парадак. Паводле яго слоў, гэта пытанне павінна быць вырашана раз і назаўсёды, каб да яго больш не вярталіся.

Увесь працэс па падрыхтоўцы навучальных устаноў і ў цэлым сістэмы адукацыі да новага навучальнага года на строгі кантроль даручана ўзяць Адміністрацыі Прэзідэнта: з выездам у школы і іншыя ўстановы адукацыі для ацэнкі рэальнай сітуацыі на месцах.

БЕЛТА