Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў адвесці войскі на паўднёвых рубяжах у месцы пастаяннай дыслакацыі. Аб гэтым ён заявіў на нарадзе ў Лунінецкім раёне па пытаннях забеспячэння ваеннай бяспекі краіны на паўднёвым аперацыйным напрамку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Гэта даручэнне дадзена пасля ліквідацыі напружанасці і адводу войскаў з украінскага боку. На гэта Беларусь вымушана была рэагаваць некаторы час таму, узмацніўшы ахову граніцы, і ў тым ліку задзейнічаўшы не толькі пагранічнікаў, але і армейскія падраздзяленні.
«Хачу, каб людзі ведалі (я абсалютна упэўнены і давяраю нашай разведцы): сітуацыя стабілізавана на беларуска-ўкраінскай граніцы. Войскі іх адведзены. Таму, хлопцы, паглядзіце, і нашы войскі трэба адводзіць з граніцы. Каб яны разумелі (як мы дамаўляліся), што мы не збіраемся ваяваць і не збіраемся тут канцэнтраваць свае Узброеныя Сілы, акрамя сіл спецыяльных аперацый», — заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым звярнуўся з даручэннем да камандуючага сіламі спецыяльных аперацый Узброеных сіл Вадзіма Дзенісенкі: «Ты паглядзі сваіх хлопцаў. Там, дзе трэба, дзе мы абазначылі пункты, дзе павінны знаходзіцца твае хлопцы (сіл спецыяльных аперацый), на ратацыйнай аснове. Асабліва ў спёку глядзі, каб хлопцам было неяк зручней. На ратацыйнай аснове нам трэба там некалькі чалавек, каб яны знаходзіліся ў гэтых пунктах. Астатніх – у месцы пастаяннай дыслакацыі адводзь».
Прэзідэнт таксама даручыў паглядзець па Міністэрстве абароны ў цэлым. «Калі трэба будзе адвесці недзе войскі – адводзьце. Не павінна быць ніякіх лішніх мерапрыемстваў», — сказаў ён.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка ўсіх папярэдзіў, што трэба не прапусціць магчымыя пагрозы на заходнім напрамку. «І час, які прайшоў пасля таго, як я аб гэтым гаварыў, пацвярджае тое, што нам трэба не прапусціць з захаду. Вось там ідзе актывізацыя. Таму паўночна-заходні напрамак – там хлопцы павінны быць гатовы да ўсяго. Яны нас правакуюць, каб уцягнуць у гэтыя разборкі, у гэту вайну. Нельга гэтага дапусціць», — падкрэсліў беларускі лідар.