БСЖ павінен стаць сцяной на шляху распаўсюджвання ў грамадстве чужых сучасных скажэнняў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з актывам Беларускага саюза жанчын, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы звярнуўся да БСЖ з просьбай узяць пад свой кантроль шэраг важнейшых для грамадства пытанняў. У прыватнасці, размова ішла аб мерах па абароне жаночага здароўя і прапагандзе сем’яў з дзецьмі.
«Слоган аднаго з праектаў саюза «Здароўе жанчыны — здароўе нацыі». Гэта абсалютна ў самы раз, гэта праўда. Наша краіна прымае беспрэцэдэнтныя меры па абароне мацярынства і дзяцінства, суправаджэнні жанчыны ў час цяжарнасці, прадугледжаны бясплатнае прадастаўленне працэдуры ЭКА, штогадовая дыспансерызацыя. Але ўсе меры дзяржавы дарэмныя, калі жанчына сама не будзе беражліва ставіцца да свайго здароўя», — сказаў Прэзідэнт. Ён рэкамендаваў кожнай жанчыне старацца знаходзіць час для фізічнай актыўнасці, каб заставацца ў бадзёрым, вясёлым настроі.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларускі саюз жанчын павінен адыгрываць важную ролю ў прапагандзе традыцыйных сямейных каштоўнасцей і стаць сцяной на шляху распаўсюджвання ў грамадстве чужых сучасных скажэнняў, якіх, паводле яго слоў, будзе ўсё больш і больш. «Толькі жанчына, якая зведала радасць мацярынства, ведае, што гэта і ёсць сапраўдны сэнс жыцця. Яго не заменяць ні прэстыжныя пасады, ні заморскія курорты. У дзецях — наша і ваша прадаўжэнне», — падкрэсліў Прэзідэнт.
«І яшчэ аб чым папрашу вас і ўсіх прадстаўніц прыгожай палавіны: заставайцеся для нас, мужчын, надзейным тылам. Каб мы, гледзячы на вас, розум страчвалі. І больш нічога не трэба. Мы ўсё потым зробім. Мы зробім усё для таго, каб Беларусь у гэты складаны час не проста выстаяла, але і выйшла з усіх выпрабаванняў памацнелай, развітой і загартаванай», — падагульніў кіраўнік дзяржавы.