Беларускі народ выбраў шлях сацыяльнага дыялога, і ў краіне не раз пераконваліся ў яго разумнасці і перспектыўнасці. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у пятніцу на VIII з’ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, у Беларусі мэты дзяржаўнага развіцця і інтарэсы народа супадаюць. Ён заўважыў, што, дзякуючы гэтаму адзінству, гісторыя суверэннай Беларусі не ведала масавых зацяжных процістаянняў і «паказальных» выступленняў грамадскіх арганізацый, прыклады якіх так часта з’яўляюцца ў міжнародных навінах.
Цяперашняе мерапрыемства Прэзідэнт назваў значнай падзеяй у грамадскім і палітычным жыцці краіны, якая адлюстроўвае інтарэсы і запатрабаванні ўсіх працаздольных грамадзян. «Мы маем усе падставы сцвярджаць, што ў нашай найноўшай гісторыі прафсаюзны рух з’яўляецца паўнапраўным удзельнікам будаўніцтва краіны. Мы стварылі дзяржаву, галоўнымі каштоўнасцямі якой з’яўляюцца людзі і справядлівае стаўленне да іх. Гэты выбар прадвызначыў далейшае развіццё партнёрскага ўзаемадзеяння паміж уладай і грамадскімі арганізацыямі», — заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння ўсе — мясцовыя Саветы дэпутатаў, аб’яднанні моладзі, жанчын і ветэранаў, прафсаюзы — працуюць на стварэнне, забяспечваюць грамадзянскую кансалідацыю. Кіраўнік дзяржавы лічыць гэта адным з галоўных дасягненняў. «Як і тое, што абарона правоў працоўных з’яўляецца прыярытэтным напрамкам развіцця дзяржавы, — дадаў ён. — У Беларусі працуючыя абаронены як ні ў якой іншай краіне — ад Канстытуцыі да зусім нядаўна прынятага Указа па датэрміновых прафесійных пенсіях».

У цэнтры важнейшых эканамічных і палітычных падзей заўсёды былі прафсаюзы, звярнуў увагу Прэзідэнт. Паводле яго слоў, яны з’яўляюцца сапраўды народнай арганізацыяй — тым неабходным фундаментам, на якім трымаецца баланс у грамадстве.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў першую чаргу прафсаюзы — гэта гарант і абаронца правоў работнікаў па ўсіх напрамках, у тым ліку і на прадпрыемствах у прыватным сектары. На яго думку, пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі дарэчы і там. Работа па іх стварэнні прафактывам вядзецца, але ёсць аб’ектыўныя складанасці. «Аднак мы бачым, як скарачаецца колькасць членаў прафсаюзаў у некаторых суседзяў. Напрыклад, паводле даных Міжнароднай арганізацыі працы, у Эстоніі толькі 5 працэнтаў работнікаў знаходзіцца ў прафсаюзе, у Літве — 8 працэнтаў, у Польшчы — 13 працэнтаў — і гэта называецца «дэмакратыяй». У выніку прафсаюзы пазбаўлены магчымасці выступаць паўнацэнным бокам сацыяльнага партнёрства. Ёсць і іншыя прыклады — Ісландыя, Швецыя, Данія, дзе ахоп прафсаюзаў складае ад 70 да 90 працэнтаў. Напрыклад, у Беларусі такі ахоп — больш як 93 працэнты», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
На два важнейшыя для прафсаюзаў пытанні — занятасць і заработную плату — звярнуў асаблівую ўвагу Кіраўнік дзяржавы. Але ў той жа час нагадаў аб розніцы паміж зарплатай і «дармаплатай».
Аляксандр Лукашэнка пацвярджае задачу па росце зарплат настаўнікаў і ўрачоў. «Думаю, калі мы выведзем настаўніка на 100 працэнтаў, а ўрача на 150 працэнтаў, гэта будзе каласальнай перамогай. І пры тых ільготах, якія ў нас існуюць у грамадстве, пачынаючы ад камуналкі, мы не самыя горшыя», — дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што, як яго інфармавалі прафсаюзы, найбольшую занепакоенасць выклікаюць факты несвоечасовай выплаты. «Вось гэта трэба выпальваць гарачым жалезам».

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся і аб правах маці ў плане працоўнай занятасці, якія павінны быць няўхільна абаронены. Кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць абароны працуючых жанчын. «У іх руках — дэмаграфічная стабільнасць дзяржавы. Сям’я, маці — гэта святое. Правы маці ў плане працоўнай занятасці павінны быць няўхільна абаронены!» — падкрэсліў ён.
Гаварылася на з‘ездзе ФПБ таксама аб задачах па інфляцыі і росце цэн.
«Ёсць вынікі, аб якіх можна гаварыць ужо сёння. Гэта макраэканамічная стабільнасць і зніжэнне інфляцыі. Задача захаваць інфляцыю на ўзроўні не вышэй за 5 працэнтаў выконваецца, нягледзячы на мацнейшы знешні націск. Вы самі бачыце, як складваюцца адносіны з нашымі асноўнымі партнёрамі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У красавіку мінулага года, выступаючы з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу, Аляксандр Лукашэнка ўжо адзначаў, што чалавек мяркуе аб росце цэн не па агульным спажывецкім кошыку, а па найбольш значных пазіцыях тавараў і паслуг штодзённага попыту. Было дадзена даручэнне ўраду, Міністэрству антыманапольнага рэгулявання і гандлю, прафсаюзам забяспечыць прымальныя цэны на найбольш значныя тавары, ад якіх залежыць жыццё перш за ўсё малазабяспечанага насельніцтва і пенсіянераў.
Звярталася ўвага і на неабходнасць удасканалення пенсіённай сістэмы. Федэрацыя прафсаюзаў выступіла за ўнясенне змяненняў у пенсіённае заканадаўства.
«Пенсіённая сістэма ў тым выглядзе, у якім мы яе сёння бачым, назіраем і выкарыстоўваем, сябе зжыла. Нам пасля прэзідэнцкіх выбараў (я буду, або хто-небудзь з вас, або нехта іншы) усё роўна давядзецца гэтым займацца. Калі мы працягнем працаваць у такім жа складзе, у бягучым жа годзе (у канцы года) пачнём гэту работу. Трэба зрабіць так, каб чалавек, працуючы, разумеў: буду лепш працаваць, больш зарабляць — на пенсіі будзе лепш. Ураўнілаўкі быць не павінна!» — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, Беларусь вывучае вопыт іншых краін, у тым ліку і Расіі: «З улікам гэтага вопыту і тых сістэм, якія ёсць у свеце, мы створым у Беларусі лепшую сістэму пенсіённага забеспячэння. З улікам нашых магчымасцей. Лепшую — гэта не значыць, што ўсіх завалім вялікімі пенсіямі, але гэта будзе справядлівая і добрая сістэма».
На з’ездзе Аляксандр Лукашэнка ўручыў старшыні ФПБ Міхаілу Ордзе Ганаровы дзяржаўны сцяг. Ён прысуджаны ФПБ Указам Прэзідэнта за асаблівыя дасягненні ў сацыяльна-эканамічным развіцці, абароне правоў і інтарэсаў працоўных.
Міхаіл Орда падзякаваў Прэзідэнту за ацэнку работы прафсаюзаў і высокую дзяржаўную ўзнагароду. Ад імя дэлегатаў з’езда ён уручыў у адказ карціну, на якой адлюстраваны стары будынак школы ў аграгарадку Александрыя, дзе некалі вучыўся Кіраўнік дзяржавы.
Па матэрыялах БЕЛТА