Четверг, 17 апреля 2025

Лукашэнка: Беларусі цікавы вопыт Узбекістана па правядзенні электаральных кампаній

52

Беларусі цікавы вопыт Узбекістана па арганізацыі і правядзенні электаральных кампаній. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы са старшынёй Сената Олій Мажліса Узбекістана Танзілой Нарбаевай, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Цяперашні візіт парламенцкай дэлегацыі Узбекістана ў Мінск праходзіць пасля важных унутрыпалітычных падзей, якія адбыліся там, — канстытуцыйнага рэферэндуму і датэрміновых выбараў Прэзідэнта. «Малайцы. Акуратна. Былі непаладкі нейкія напярэдадні, вы своечасова прыгожа адрэагавалі (я гаварыў Шаўкату Мірзіёеву аб гэтым). Людзі на вас не пакрыўджаны. Нашы наглядальнікі там былі і бачылі, што ўсё было дастойна, — сказаў беларускі лідар. — Вы малайцы ў гэтым плане. Нам гэта важна, таму што мы таксама ўдасканальваем свой асноўны закон, заканадаўства аб выбарах».

Прэзідэнт растлумачыў, што ў бліжэйшы час Беларусі таксама трэба будзе правесці выбары, адзіны дзень галасавання, сфарміраваць не толькі палаты парламента, але і вышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя — Усебеларускі народны сход. У гэтым кантэксце для краіны цікавы нядаўні вопыт Узбекістана. «Для нас ваша парада, на што звярнуць увагу ў цяперашняй сітуацыі, вельмі важная», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

БЕЛТА