Беларусь як краіна-заснавальніца ААН не можа спакойна глядзець на тое, што адбываецца ў арганізацыі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з пастаянным прадстаўніком Беларусі ў ААН Валянцінам Рыбаковым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«ААН. Што гэта такое на сённяшні дзень? Якія перспектывы наогул гэтай арганізацыі, на ваш пункт гледжання? Ну і нам што рабіць у гэтай арганізацыі? Зразумела, мы як адна з краін-заснавальніц гэтай арганізацыі не можам вось так спакойна глядзець на тое, што адбываецца там. Я гляджу, і мы абмяркоўвалі гэта пытанне з Прэзідэнтам Расіі, — Сакратарыят ААН, рабочы орган, — яны пачалі ўжо працаваць з пункту гледжання нейкіх пераваг адной або дзвюм дзяржавам, або Захаду-Усходу. Гэта значыць, яна неяк ужо, гэта арганізацыя, ператвараецца ў такую арганізацыю «Чаго вашай ласцы?». Ад буйных дзяржаў больш залежыць. Гэта ненармальна. Пры тым націску, які аказваюць буйныя дзяржавы, Захад», — заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка ў якасці прыкладу згадаў саміт «Расія — Афрыка», які праходзіць гэтымі днямі, і жудасны націск, які амерыканцы і краіны Заходняй Еўропы аказвалі на яго ўдзельнікаў. «Гэта ненармальна», — падкрэсліў ён.
«Паўстае пытанне — што рабіць? І хацелася б выслухаць ваш пункт гледжання», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён пацікавіўся работай беларускага прадстаўніцтва ў ААН, ці не фармальна яно прысутнічае там і што рэальна можа. «Напрыклад, калі заходнія дзяржавы адмовіліся фактычна супрацоўнічаць з намі, ну што ж, мы сёння дыпламатаў пераводзім на тыя напрамкі, дзе нам трэба працаваць, дзе трэба ўзмацняць сітуацыю і абстаноўку. Можа, і з Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый так паглядзець і паставіць іх у шэраг з заходнімі дзяржавамі?» — выказаў меркаванне беларускі лідар.
Валянцін Рыбакоў на сустрэчы пацвердзіў, што крытыка ААН пачалася фактычна з моманту яе заснавання, і арганізацыю, яе сакратарыят сапраўды ёсць за што крытыкаваць. Разам з тым ААН — гэта не проста будынак або сакратарыят сам па сабе. «Разам з намі гэта 193 краіны. І Беларусь як адна з заснавальніц гэтай арганізацыі актыўна ў ёй працуе. Мы працуем у першую чаргу не з чыноўнікамі міжнароднымі. Мы працуем з дзяржавамі, якія прадстаўлены ў гэтай арганізацыі», — сказаў дыпламат.