Воскресенье, 13 июля 2025

Лукашэнка: Беларусь, нягледзячы ні на што, захоўвае бясцэнны вопыт кантактаў з Германіяй

106

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народ Федэратыўнай Рэспублікі Германія з нацыянальным святам — Днём германскага адзінства. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

«Беларусы вельмі добра ведаюць сапраўднае значэнне гэтага паняцця. Амаль два дзесяцігоддзі наш народ быў падзелены штучнымі межамі, што не садзейнічала нармальным адносінам, развіццю краіны і не давала ніякіх перспектыў, — гаворыцца ў віншаванні. — Потым яшчэ большы ўрон нанесла Другая сусветная вайна, якая забрала кожнага трэцяга жыхара. Гэтыя жахлівыя факты не павінны забываць ні беларусы, ні немцы».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: «Нам вельмі часта даводзіцца чуць, што нельга ўнесці карэктывы ў ход гісторыі. Але мы не проста сведкі сучасных падзей, а маем уплыў на іх і можам змяніць негатыўны сцэнарый развіцця».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што сучаснае пакаленне беларусаў і немцаў мае шмат агульнага і разумее адзін аднаго куды лепш, чым сто гадоў таму. 

«Назапашаны бясцэнны вопыт кантактаў у самых разнастайных галінах. Мінск іх беражліва захоўвае нягледзячы ні на што. Дзверы нашага дома заўсёды адчынены для гасцей з Германіі і іншых краін, для ўсіх людзей добрай волі, якія прыходзяць да нас з чыстым сэрцам і жадаюць дабра, — адзначыў беларускі лідар. — Веру, вельмі хутка да каштоўнасці адзінства, якое так цяжка нам далося, дабавяцца згода і ўзаемаразуменне. Сардэчна запрашаем у Беларусь!»

БЕЛТА