Пятница, 14 февраля 2025

Лукашэнка: Беларусь мае намер структураваць свае магчымасці ў Расіі і стварыць цэнтры гандлю

111

Беларусь мае намер структураваць свае магчымасці ў Расіі і стварыць цэнтры гандлю. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з губернатарам Новасібірскай вобласці Расіі Андрэем Траўнікавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як растлумачыў Кіраўнік дзяржавы, Беларусь цяпер узяла курс на структураванне сваіх магчымасцей у Расіі. «Сёння попыт на Беларусь вялікі, але мы ж самі не вельмі вялікія. Таму нам трэба дакладна разабрацца, дзе будуць цэнтры, праз якія мы будзем працаваць з Расійскай Федэрацыяй», – удакладніў Аляксандр Лукашэнка.

Адзін з такіх цэнтраў будзе размешчаны, напрыклад, у Новасібірску, улічваючы геаграфічнае становішча і значнасць гэтага рэгіёна. «Без Новасібірска няма палавіны Расіі, прынамсі, за Уралам. Таму тут павінны быць сканцэнтраваны нашы інтарэсы не толькі ў новасібірскім напрамку, але і ва ўсім Сібірскім рэгіёне. Мы ў бліжэйшы час ва ўрадзе прымем такое рашэнне і будзем сур’ёзна развіваць на базе Новасібірска (я ведаю, вы гэта падтрымліваеце) цэнтр кампетэнцый і цэнтр гандлю на велізарнай прасторы Расійскай Федэрацыі», – сказаў Прэзідэнт.

Як падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, менавіта эканамічнае супрацоўніцтва можна лічыць гарантам трывалых узаемаадносін Беларусі і Расіі: «Адзінства дзвюх дзяржаў – гэта перш за ўсё эканоміка. Менавіта так мы бачым гэта з Беларусі. Калі будзе такі ж рух, як цяпер, у эканоміцы, калі будуць такія добрыя адносіны ў нас з Расіяй, як са многімі рэгіёнамі, у тым ліку з вашым, паверце, не трэба ніякай агітацыі».

БЕЛТА