Ідэі і невычэрпная энергія байцоў студэнцкіх атрадаў — гэта матор, які рухае Беларусь наперад. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на ўрачыстай цырымоніі закрыцця трэцяга працоўнага семестра 2024 года, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
«Не страчвайце працоўнага запалу. Памятайце, што вашы ідэі і невычэрпная энергія — гэта матор, які рухае Беларусь наперад. Я веру ў вас, у вашу сілу, у вашы таленты. Я абсалютна перакананы і дакладна ведаю, наперадзе нас чакае яшчэ больш грандыёзных адкрыццяў і здзяйсненняў. Таму што час такі. І гэты час выбраў нас!» — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за 65 гадоў праз студатрадаўскі рух прайшлі некалькі пакаленняў, а не проста сотні, тысячы або мільёны чалавек. «Радасна, што Беларусь і Расія — адзіныя на постсавецкай прасторы — захавалі гэту цудоўную маладзёжную ініцыятыву і ўдыхнулі ў яе новае жыццё», — сказаў ён.
Крыху больш за 20 гадоў таму, у 2003 годзе, былі арганізаваны першыя маладзёжныя будоўлі ўжо суверэннай Беларусі: капітальны рамонт мемарыяльных комплексаў «Хатынь» і «Курган Славы». «Добрыя вытокі, добры пачатак», — заўважыў беларускі лідар.
«Далей ваша ўдарная праца дапамагла пры рэканструкцыі Аўгустоўскага канала, узвядзенні Беларускай АЭС, дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, іншых знакавых аб’ектаў. Ініцыятарамі ўдзелу ў будаўніцтве гэтых аб’ектаў былі вы. А зусім нядаўна мы сустракаліся на адкрыцці абноўленага стадыёна «Трактар». Я бачыў тую асаблівую гордасць і радасць у вачах байцоў, якія там працавалі. І перакананы, што тыя, хто прайшлі такую школу жыцця, — сапраўдныя патрыёты сваёй краіны. Вы іншыя, вы сапраўдныя патрыёты, паколькі той, хто ўласнымі рукамі будуе, ніколі не будзе разбураць. І не дазволіць гэта рабіць іншым», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён нагадаў, што ў красавіку на Усебеларускім народным сходзе моладзь папрасіла падтрымаць ініцыятыву і прысвоіць аб’ектам будаўніцтва Цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі ў Брэсцкай крэпасці статус Усебеларускай маладзёжнай будоўлі. «Знакавы праект не толькі аб’яднаў усю краіну. Будоўля атрымала статус інтэрнацыянальнай. Больш за 200 іншаземцаў таксама ўнеслі свой уклад. І я перакананы: будуць і іншыя ўсебеларускія маладзёжныя будоўлі, дзе вы папрацуеце, як заўсёды, стаханаўскімі тэмпамі. А праз 5, 10, можа, 20 гадоў з гордасцю пакажаце дзецям створанае вамі. І традыцыя, упэўнены, прадоўжыцца», — заявіў Прэзідэнт.