
Беларусь і Новасібірская вобласць Расіі маюць вялікія магчымасці для развіцця супрацоўніцтва. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з губернатарам гэтага расійскага рэгіёна Андрэем Траўнікавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
«Сібір для беларусаў – асаблівы рэгіён, дзе яшчэ з кацярынінскіх часоў і царскіх рэформ Сталыпіна жыве вельмі шмат нашых землякоў, якія сваім розумам і сэрцам прыкіпелі да гэтай зямлі, праславілі яе, зрабіўшы багацейшай і прыгажэйшай. Таму нам і цікава ўсё, што ў вас адбываецца», – сказаў у пачатку сустрэчы Прэзідэнт. Ён таксама адзначыў, што ў Беларусі з вялікай цікавасцю сачылі за нядаўнімі выбарамі ў рэгіёнах Расіі, і павіншаваў Андрэя Траўнікава з пераканаўчай перамогай.
Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што візіт губернатара Новасібірскай вобласці ў Беларусь адкрые новую старонку ў супрацоўніцтве беларускіх і расійскіх рэгіёнаў. «А магчымасці тут, як вы самі пераканаецеся, бліжэй пазнаўшы нашу краіну, вялізныя», – заявіў беларускі лідар.
Прэзідэнт звярнуў увагу на існуючыя сур’ёзныя асновы для далейшага росту: «Аб’ём гандлёвых аперацый у мінулым годзе склаў амаль паўмільярда долараў. Лічба значная, але трэба разабрацца, чаму сёння мы прыкметна адстаём ад мінулагодніх паказчыкаў. Мне дакладваюць нашы спецыялісты, адказваючы на гэта пытанне, што спад абумоўлены перш за ўсё скарачэннем вашых паставак па такіх пазіцыях, як насенне рапсу, электрарухавікі, каменны вугаль, іншыя. Я прапаную сумесна папрацаваць над тым, каб збалансаваць наш гандаль. Напрамкаў і магчымасцей для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва дастаткова».