Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка бачыць перспектывы, каб істотна дабавіць у супрацоўніцтве з Магаданскай вобласцю. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з губернатарам гэтага рэгіёна Расійскай Федэрацыі Сяргеем Носавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
«Гэта ваш першы візіт да нас. І ў пачатку нашай сустрэчы хачу запэўніць, што вы не пашкадуеце, што пераадолелі гэтыя 11 тыс. кіламетраў. Мы расійскія рэгіёны не дзелім на аддаленыя і неаддаленыя. З усімі працуем і знаходзім агульныя інтарэсы. Упэўнены, што і з Магаданскай вобласцю атрымаецца істотна дабавіць у нашых адносінах. Перш за ўсё ў гандлёва-эканамічных. Перакананы, вы ў нас знойдзеце ўсё, што вам неабходна ад прамысловай прадукцыі да прадуктаў харчавання, лякарстваў, касметыкі і гэтак далей», — сказаў беларускі лідар.
Ён канстатаваў, што паказчык узаемнага гандлю ніяк не адлюстроўвае магчымасцей бакоў. «Мы павінны вырашыць, як будзем працаваць над кардынальным павелічэннем рытму ўзаемавыгадных гандлёва-эканамічных адносін», — прапанаваў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка абазначыў шэраг перспектыўных напрамкаў для развіцця супрацоўніцтва і запэўніў, што для рэалізацыі дамоўленасцей, якія будуць дасягнуты, Беларусь прыкладзе ўсе неабходныя намаганні.
Прадукцыя машынабудавання
З улікам найбагацейшай рэсурснай прыроднай базы Магаданскай вобласці і планаў па асваенні новых радовішчаў каляровых металаў ёсць добры патэнцыял для нарошчвання паставак кар’ерных самазвалаў. «Заходнія брэнды сышлі з Расіі, і я думаю, што вы знойдзеце замену ім нашымі таварамі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ААТ «БЕЛАЗ» мае намер адкрыць у рэгіёне мультыбрэндавы цэнтр па продажы, комплексным сэрвісным абслугоўванні і рамонце ўсёй беларускай тэхнікі, а таксама па рэалізацыі шын рознага дыяметра і індэксаў нагрузкі.
Акрамя паставак велікагрузнай тэхнікі беларускі бок гатовы таксама ўдзельнічаць у абнаўленні парку пасажырскага транспарту: «Можам прапанаваць розныя сучасныя аўтобусы як у газаматорным, так і ў дызельным выкананні. І прадаставім узаемапрымальныя фінансавыя інструменты».
Прамысловая кааперацыя
«У Беларусі дакладна выбудавана заканадаўства ў сферы прабірнага нагляду, абароту каштоўнасцей. Мы яшчэ з савецкіх часоў захавалі ювелірны завод «Крышталь» у Гомелі. Прадпрыемства мае шматгадовы вопыт работы з каштоўнымі металамі і камянямі. Выпускаецца шырокая гама прадукцыі, у тым ліку ювелірнай, з выкарыстаннем брыльянтаў беларускай агранкі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Ён прапанаваў прапрацаваць варыянты стварэння на базе гэтага прадпрыемства сумеснай вытворчасці на магаданскай сыравіне.
Праектаванне аб’ектаў
Паводле слоў беларускага лідара, пры комплекснай забудове ў Магадане пасля адпаведнай адаптацыі магчыма выкарыстанне беларускай праектнай дакументацыі на ўзвядзенне аб’ектаў адукацыі, спартыўнага, гандлёвага прызначэння, шматфункцыянальных комплексаў і ўсіх інжынерных збудаванняў.
Пастаўкі электраабсталявання і матэрыялаў
З улікам рэалізуемых у Магаданскай вобласці праектаў па будаўніцтве ГЭС і ліній электраперадачы для электразабеспячэння Беларусь можа прапанаваць вельмі шырокую гаму кабельнай прадукцыі і трансфарматараў.
Пастаўкі спажывецкіх тавараў і прадуктаў харчавання
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўжо ідзе работа па адкрыцці ў Магадане вялікага магазіна з беларускімі таварамі. «Акрамя якасных прадуктаў харчавання гатовы пастаўляць вам мэблю, тэкстыль, дываны, абутак, бытавую хімію, касметыку. І іншыя тавары, якія вам падыходзяць», — запэўніў ён.
Перапрацоўка малака
Прэзідэнт таксама прапанаваў арганізаваць у Магаданскай вобласці выпуск малочнай прадукцыі з беларускай сыравіны: «У нас дастаткова першакласных прадпрыемстваў, якія гатовы падзяліцца кампетэнцыямі ў перапрацоўцы малака і стварэнні смачнай, карыснай і якаснай прадукцыі працяглага тэрміну захоўвання».
«Вядома ж, можам арганізаваць прамыя пастаўкі гатовых мяса-малочных прадуктаў, кандытарскіх вырабаў, агароднінных кансерваў, сокаў і ўсяго таго, што запатрабавана ў вашых установах сацыяльнай сферы і рознічным гандлі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Пастаўкі і перапрацоўка рыбы
Прэзідэнт адзначыў, што Магаданскі край багаты на рыбу і морапрадукты, якіх у беларусаў на стале не так шмат, як павінна быць і хацелася б. «А попыт ёсць. Толькі патрэбны прамыя пастаўкі і, зразумела, адэкватная цана. Пры жаданні можаце стварыць свае перапрацоўчыя магутнасці ў Беларусі з прыцэлам не толькі на наш рынак, але і на лагістычна блізкія гарады Маскву, Санкт-Пецярбург і іншыя, а таксама ў іншыя краіны, калі ў вас будзе да гэтага інтарэс. Мы вам прадаставім усялякія ўмовы», — прапанаваў ён.
Турызм, санаторны адпачынак і медыцынскія паслугі
«У Беларусі высокія стандарты і даступныя цэны па гэтых напрамках. Дарэчы, расіяне з вялікім задавальненнем прыязджаюць да нас у якасці турыстаў, а таксама атрымаць адпаведнае санаторна-курортнае лячэнне, медыцынскія паслугі. Таму мы чакаем вас, калі ў вас будзе такая неабходнасць і магчымасць», — запрасіў Аляксандр Лукашэнка.