Армія Беларусі баяздольная і ў выпадку знешняй агрэсіі зможа нанесці праціўніку непапраўны ўрон. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па пытанні дзяржабароназаказу на 2022 год, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што тое ўзбраенне, якое ўжо ёсць у беларускай арміі цяпер, дазваляе забяспечыць яе абараназдольнасць. «Думаю, для арміі гэта добрае ўзбраенне. Гэта сведчыць аб тым, што наша армія здольна будзе ваяваць і нанесці праціўніку непапраўны ўрон. Так, як мы і планавалі. Мы ж рэалісты, разумеем, што перамагчы НАТА нам не ўдасца. А вось урон нанесці, асабліва тым тэрыторыям, з якіх нас будуць атакаваць, — у нас гэта зброя ўся ёсць. Гэта зброя, якая пакрывае ўсю тэрыторыю Польшчы і да Балтыкі. Я ўжо не гавару аб прыбалтыйскіх дзяржавах. І практычна Украіну за Кіеў. Я, не давядзі бог, не намякаю ні на што, але каб разумелі далёкасць стральбы той зброі, якая ў нас ёсць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама заявіў, што па дамоўленасці з Расіяй прадугледжваецца пакінуць у Беларусі ЗРК С-400. Плануецца таксама закупіць расійскія ракетныя комплексы «Іскандэр», якія таксама ўжо знаходзяцца ў краіне і не будуць выводзіцца. «Яны могуць быць задзейнічаны для абароны нашай прасторы», — растлумачыў беларускі лідар.