Понедельник, 11 ноября 2024

Лукашэнка адзначыў рост гандлю з Уладзімірскай вобласцю Расіі і арыентаваў на захаванне тэмпаў

75

Гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне Беларусі з Уладзімірскай вобласцю Расіі нарастае, і тэмпы гэтага росту трэба што б там ні было захаваць. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з губернатарам Уладзімірскай вобласці Расіі Аляксандрам Аўдзеевым.

Кіраўнік дзяржавы прывітаў кіраўніка расійскага рэгіёна ў горадзе-героі Мінску і, перш чым пачаць гутарку, павіншаваў усіх са светлым і святым святам – Днём Перамогі, чарговая гадавіна якой адзначалася на мінулым тыдні. «Гэта вялікае дасягненне нашага народа. Чарговая гадавіна гэтай Вялікай Перамогі – я думаю, мы яе заслужылі і свята будзем берагчы», – падкрэсліў Прэзідэнт.

«Перакананы, што ваш першы візіт у нашу краіну ў статусе кіраўніка расійскага рэгіёна дасць магчымасць на месцы больш хутка вызначыцца з патрэбнасцямі, знайсці патрэбных пастаўшчыкоў, а можа, і заключыць новыя кантракты, – звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да Аляксандра Аўдзеева. – Наш урад арыентаваны на тое, каб аказаць вам максімальнае садзейнічанне. Словам, усё, на што мы здольны, калі вас задавольвае, мы гатовы з вамі ў гэтым напрамку працаваць».

Прэзідэнт нагадаў, што ў ходзе кантактаў на вышэйшым узроўні з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным пастаянна ідзе размова аб неабходнасці паглыблення інтэграцыі, вытворчай кааперацыі і, самае галоўнае, імпартазамяшчэння. «Вы ведаеце, у нас нядрэнна атрымліваецца. Нават больш таго, што мы чакалі, – сказаў беларускі лідар. – Лічу, у гэтым у першую чаргу павінны быць зацікаўлены кіраўнікі рэгіёнаў і прадпрыемстваў, таму што вы на месцы, там, з людзьмі».

Усё, што неабходна было прыняць і падпісаць, кіраўнікамі дзяржаў, урадамі ў асноўным зроблена, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. «Адкрыта шырокая дарога для таго, каб рэалізаваць тыя задумкі, якія мы планавалі, у сферы двухбаковага супрацоўніцтва», – адзначыў беларускі лідар.

Паводле слоў Прэзідэнта, у 2022 годзе ўзаемны гандаль дасягнуў свайго найвышэйшага з 2017 года ўзроўню, склаўшы амаль паўмільярда долараў, і ў параўнанні з 2021-м павялічыўся амаль на 20 працэнтаў. Па трох месяцах бягучага года таксама адзначаецца дадатная дынаміка: у параўнанні з аналагічным перыядам 2022 года тавараабарот павялічыўся амаль на трэць. «Што б там ні было нам гэтыя тэмпы трэба захаваць», – паставіў задачу кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён звярнуў увагу, што часта бываюць сітуацыі, калі за ўздымам гандлю ідуць спады. А такіх рэзкіх перападаў быць не павінна, перакананы Прэзідэнт.

«Мы пастаўляем вам цяпер і маем намер прапаноўваць далей прадукцыю машынабудавання, станкабудавання, дрэваапрацоўкі, хімічнай і лёгкай прамысловасці, аграпрамысловага комплексу», – сказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, Уладзімірская вобласць таксама можа разлічваць на супрацоўніцтва з Беларуссю ў шэрагу сфер, у тым ліку па пастаўках племянной жывёлы, меліярацыйнай тэхнікі. У нашай краіне, у сваю чаргу, добра ведаюць і выкарыстоўваюць прадукцыю хімічнай прамысловасці, машынабудавання і станкабудавання, прадукты харчавання з расійскага рэгіёна.

«Айчынная пасажырская, грузавая, сельскагаспадарчая, камунальная, дарожна-будаўнічая тэхніка, ліфтавае абсталяванне адпавядаюць узроўню сусветных стандартаў. Іх якасць і надзейнасць правераны шматгадовай эксплуатацыяй. Мадэльны рад і асартымент пастаянна абнаўляюцца. Таму – да вашых паслуг. Мы вам пакажам усё тое, што вас цікавіць. Спадзяюся, у ходзе свайго знаходжання ў Беларусі вы з калегамі вызначыцеся, што менавіта з тэхнікі сёння Уладзімірскай вобласці неабходна, і мы ў найкарацейшыя тэрміны паставім гэту тэхніку вам», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на падабенства Беларусі і Уладзімірскай вобласці, што з’яўляецца надзейным фундаментам для развіцця двухбаковага ўзаемадзеяння: «Гэта родная наша вобласць, яна такая, як Беларусь. Ведаем, што вы не супербагатыя (гэтак жа, як і мы), усё дастаецца сваёй працай, людзі аднолькавыя. Таму ў нас ёсць добрая база, аснова для нашага супрацоўніцтва. Заўсёды да гэтага гатовы».

Гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі з Уладзімірскай вобласцю Расіі характарызуецца дадатнай дынамікай. За 2022 год аб’ём тавараабароту склаў амаль $414 млн. Гэта на 20 працэнтаў больш за паказчык 2021-га і найбольшы аб’ём за перыяд з 2017 года. У студзені-сакавіку бягучага года тэндэнцыя да росту ўзаемнага гандлю захоўваецца: $93,4 млн, што на 32 працэнты перасягае ўзровень за аналагічны перыяд 2022 года.

Беларускі экспарт ва Уладзімірскую вобласць за мінулы год склаўся ў аб’ёме $130 млн і павялічыўся за год больш як на 46 працэнтаў. У яго аснове – устройствы на вадкіх крышталях, лазеры, часткі рухомага саставу, смолы і поліўрэтаны, шкловалакно і вырабы з яго, нятканыя матэрыялы. Імпартуюцца ў Беларусь з гэтага расійскага рэгіёна медны дрот, часткі рухомага саставу, шакалад і гатовыя харчовыя прадукты з какавы, спецыфічныя тавары, кандытарскія вырабы з цукру.

БЕЛТА.