Четверг, 25 апреля 2024

Лукашэнка адзначыў нечакана высокую яўку на праведзеных выбарах дэпутатаў

35

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў нечакана высокую яўку на праведзеных выбарах дэпутатаў. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з генеральным сакратаром СНД, кіраўніком місіі наглядальнікаў ад СНД Сяргеем Лебедзевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«У сродках масавай інфармацыі людзі бачылі ўсе вашы заявы. Гэта мабілізоўвала людзей. І вы бачыце, якая яўка. Нечаканая, шчыра скажу», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Добрая яўка», — пагадзіўся Сяргей Лебедзеў.

Аляксандр Лукашэнка прадоўжыў: «Я не чакаў нават, што ў нас будзе такая яўка на выбарах. У нас ніколі не было ў мясцовыя саветы, у парламенцкія выбары такой яўкі. Нюансаў хапае. У тым ліку і збеглыя нам тут са сваімі няўдалымі рухамі дапамаглі. Самае галоўнае, людзі зразумелі цяперашні момант, правільна ўспрымаюць, характарызуюць яго», — заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што прадстаўнікі місіі СНД былі не толькі самымі актыўнымі наглядальнікамі, але і фактычна зацікаўленымі арганізатарамі выбараў: «Таму я палічыў патрэбным падзякаваць вам і місіі СНД, вашым калегам, якія прыехалі да нас на выбары. Вялікі дзякуй вам за тую падтрымку і дапамогу, якую вы аказалі. Яшчэ раз гэта падкрэсліваю: падтрымку і дапамогу ў арганізацыі. Не проста прыехалі і глядзелі па баках, як там хто бюлетэні запаўняе ці не запаўняе. Гэта сапраўды такая дружалюбная была работа вашай місіі. І вашу работу мы вельмі цэнім».

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў ходзе гэтай электаральнай кампаніі было шмат навацый. Упершыню ў Беларусі прайшоў адзіны дзень галасавання. Адначасова выбіралася ўся вертыкаль прадстаўнічых органаў улады, пачынаючы ад сельскіх саветаў да дэпутатаў парламента. «Мне папярэдне далажылі аб выніках. Прайшло вельмі добра», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён яшчэ раз падзякаваў за праведзеную работу асабіста Сяргею Лебедзеву і ўсім членам місіі СНД, а таксама пацікавіўся магчымымі заўвагамі, каб улічыць гэта на будучае.

Як паведамлялася БЕЛТА са спасылкай на даныя ЦВК Беларусі, яўка выбаршчыкаў на праведзеных выбарах склала больш за 73 працэнты, а ў некаторых рэгіёнах — амаль 77 працэнтаў.

БЕЛТА