Среда, 26 марта 2025

Лукашэнка ацаніў работу эканомікі: «Пакуль слабы задзел для выканання заданняў нават за паўгоддзе»

47

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 чэрвеня сабраў нараду з кіраўніцтвам Савета Міністраў, паведамляе БЕЛТА.

Плануецца абмеркаваць шырокае кола тэм: першыя вынікі работы эканомікі ў гэтым годзе, стымуляванне інвестыцыйнай актыўнасці, падрыхтоўку да ўборачнай кампаніі і сітуацыю ў жывёлагадоўлі, сітуацыю ў прамысловасці, а таксама выкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы ў сацыяльнай сферы.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што рэгулярна, з пэўнай перыядычнасцю сустракаецца з урадам для абмеркавання актуальных пытанняў, перш за ўсё ў эканоміцы. «Сёння ж мы правядзём нараду па эканамічнаму блоку з членамі ўрада ў крыху пашыраным фармаце», — удакладніў Прэзідэнт.

Акрамя планавых пытанняў — па законапраекце аб інвестыцыйнай дзейнасці і ўказе аб арэндным жыллі для медработнікаў — на парадку дня нарады даклад прэм’ер-міністра аб асноўных выніках работы эканомікі за 5 месяцаў бягучага года, а таксама справаздачы кожнага віцэ-прэм’ера аб выкананні даручэнняў кіраўніка дзяржавы.

«Статыстыка публікуе вынікі: валавы ўнутраны прадукт склаў 100,9 працэнта. Назіраецца выхад на станоўчыя тэмпы росту інвестыцый у асноўны капітал, прыбавілі 2,5 працэнта да мінулага года. Аднак пакуль гэта слабы задзел для выканання ўстаноўленых заданняў нават за паўгоддзе», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт спытаў прэм’ер-міністра, ці па ўсіх паказчыках выйшлі на дадатную дынаміку, ці ўдалося ў поўнай меры пераадолець мінулагоднія цяжкасці (лагістычныя і транзакцыйныя выдаткі, пошук новых партнёраў і рынкаў). Ён таксама пацікавіўся, як выконваюцца мэтавыя заданні.

«Ад першага віцэ-прэм’ера чакаю прадметнай раскладкі, дзе ўрад бачыць рэзервы па нарошчванні росту інвестыцый па выніках года, а гэта аж 120 працэнтаў? А таксама аб эфектыўнасці рэалізацыі канцэпцыі «адзін раён — адзін праект», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

БЕЛТА