Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіруючым дырэктарам эмірацкай кампаніі Emaar Properties Махамедам Алі Алабарам. Галоўнымі тэмамі сустрэчы сталі рэалізацыя праекта «Паўночны бераг» і супрацоўніцтва ў сферы ІТ-тэхналогій, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
«Я рады з вамі сустрэцца чарговы раз. Вы даўно сталі сябрам Беларусі. Знаходзіцеся тут часта. Мы вітаем такую схему і сістэму вашай работы. І заўсёды гатовы вас сустракаць у Беларусі, тым больш вы заўсёды прыязджаеце з канкрэтнымі прапановамі, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Мы, вядома, асноўны час сёння ўдзелім нашаму галоўнаму праекту — «Паўночны бераг», які вы маеце намер пабудаваць. Гэта буйнейшы праект. Думаю, больш буйнога праекта ў нас у Беларусі яшчэ не было».
Яшчэ адной тэмай сустрэчы стала супрацоўніцтва ў сферы ІТ-тэхналогій. «Вы гэтаму сектару ўдзяляеце вялікую ўвагу. Ведаю, што Эміраты значна рушылі наперад у гэтым плане. Я вам удзячны за арганізацыю той размовы ў Эміратах, калі мы разам з вамі змаглі паслухаць вядучых спецыялістаў у галіне распрацоўкі штучнага інтэлекту. Тады я зразумеў, што ў гэтым напрамку ў Беларусі яшчэ шмат трэба зрабіць, каб выйсці на той узровень, які вы тады дасягнулі разам са спецыялістамі з розных краін свету», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
«Акрамя гэтых буйных праектаў я помню нашы сустрэчы і дамоўленасці, разважанні наконт іншых праектаў, якія маглі б ажыццявіць тут, у Беларусі, прадстаўнікі буйнога бізнесу Эміратаў. Мы гатовы вярнуцца, калі ёсць цікавасць, да гэтых праектаў — і ў галіне сельскай гаспадаркі, прадуктах харчавання (вельмі актуальнае цяпер пытанне) і многіх іншых, якія мы калісьці абмяркоўвалі», — дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка ўжо сустракаўся з Махамедам Алі Алабарам 28 чэрвеня 2021 года. Арабскі бізнес рэалізуе ў Мінску маштабны праект разумнага горада, які атрымаў назву «Паўночны бераг». На наступны дзень пасля сустрэчы з кіраўніком дзяржавы кіраўнік Emaar Properties і старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў падпісалі інвестыцыйны дагавор аб будаўніцтве «Паўночнага берага».
Праект разлічаны да 2040 года і прадугледжвае інвестыцыі ў памеры 4 млрд еўра. Разумны горад размесціцца ў межах МКАД — пр.Пераможцаў — вул.Арлоўская — Цнянскае вадасховішча. У складзе комплексу будуць пабудаваны жылыя дамы з усёй неабходнай інжынернай і транспартнай інфраструктурай, сацыяльныя аб’екты і аб’екты грамадскага прызначэння агульнай плошчай больш за 6 млн кв.м.
Махамед Алі Алабар лічыцца адным з найбольш буйных і паспяховых бізнесменаў ААЭ. Ён з’яўляецца саветнікам па эканамічных і інвестыцыйных пытаннях (асабістых і дзяржаўных) кіраўнікоў Абу-Дабі і Дубая. Гэты арабскі бізнесмен — фактычна ідэйны натхняльнік і выканаўца канцэпцыі стварэння сучаснага Дубая. Махамед Алі Алабар — саўладальнік буйных міжнародных кампаній у галіне электроннага гандлю, грамадскага харчавання, моды і дызайну.