Пятница, 13 декабря 2024

Лукашэнка аб уступленні ў ШАС: гэты дзень увойдзе ў гісторыю Беларусі

76

Дзень уступлення Беларусі ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва ўвойдзе ў гісторыю краіны. Аб гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў — членаў ШАС у Астане, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт выказаў словы ўдзячнасці ў адрас гаспадароў саміту — казахстанскага боку — за выдатную арганізацыю сустрэчы і сардэчны прыём у Астане. «Дзякуючы ў тым ліку і вашаму паспяховаму старшынству гэты дзень увойдзе ў гісторыю Беларусі як дата далучэння нашай краіны да Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва», — сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка назваў паказальным і сімвалічным яшчэ і той факт, што год прыняцця ў ШАС супаў з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. «Гэта цудоўны падарунак беларускаму народу», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама падзякаваў астатнім калегам — кіраўнікам дзяржаў ШАС — за аднадушную падтрымку гэтага рашэння.

Кіраўнік дзяржавы расказаў аб канкрэтных напрамках, якім Беларусь у якасці паўнапраўнага ўдзельніка плануе ўдзяліць павышаную ўвагу. Ён запэўніў, што краіна гатова працаваць поплеч з новым старшынствам (пасля Казахстана старшынства ў ШАС пяройдзе Кітаю) па рэалізацыі сумесных прыярытэтаў.
Аб міжнароднай бяспецы

«Глыбока перакананы, што ў XXI стагоддзі неабходна выбудоўваць сапраўдную і непадзельную глабальную бяспеку. Пры гэтым ініцыятыву павінны ўзяць на сябе краіны Глабальнай большасці, паколькі эгаістычны Захад на такое аказаўся няздольны. Там сёння няма лідараў, здольных прымаць адказныя рашэнні самастойна», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Са свайго боку, запэўніў ён, Беларусь пастараецца адаптаваць свае ініцыятывы ў гэтай найбольш актуальнай сёння для партнёраў сферы.

Аб эканоміцы

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ўжо цяпер у партнёраў па ШАС ёсць узаемавыгадныя праекты ў энергетыцы, транспарце і лагістыцы, фінансах і прамысловай кааперацыі. «Калі мы выпрацуем на нашай пляцоўцы дакладныя правілы, выйграюць усе, у тым ліку за межамі рэгіёна адказнасці ШАС», — упэўнены беларускі лідар.
Аб харчовай бяспецы

Гаворачы аб харчовай бяспецы, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што выклікі ў гэтай галіне зыходзяць не толькі ад традыцыйных фактараў, такіх як змяненне клімату і прыродныя катаклізмы, але і штучных бар’ераў, у тым ліку незаконных санкцый адносна мінеральных угнаенняў, тэхнікі, сродкаў аховы раслін, маршрутаў паставак. Як вынік, людзі ў краінах, якія сталі на шлях развіцця, у тым ліку бяднейшыя дзяржавы Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, вымушаны галадаць.

«У нашых сілах разбурыць сцены аднапалярнага свету, накарміць людзей, устараніўшы шмат супярэчнасцей і канфліктаў з-за сацыяльнай няроўнасці, дэфіцыту прадуктаў харчавання і рэсурсаў», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аб міжнародным пазіцыянаванні

«Мы пастараемся прыкласці ўсе намаганні, каб рос аўтарытэт нашай арганізацыі, пашыралася кола яе саюзнікаў і прыхільнікаў», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што многія беларускія ідэі, выказаныя раней, ужо атрымалі міжнародную падтрымку. Гэта датычыцца трансферу тэхналогій, інфармацыйнай бяспекі, транспарту і лагістыкі, прамысловасці, гандлю і інвестыцый.

«Цяпер ужо ў новай якасці мы будзем імкнуцца максімальна ўвязаць нашы прапановы з ініцыятывамі нашай арганізацыі», — сказаў Прэзідэнт.

Аб узаемным узбагачэнні культур

«Беларусь пачынае работу ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва з разуменнем, што ШАС — гэта не толькі бяспека, эканоміка і гандаль. Гэта і ўзаемнае ўзбагачэнне культур, што прывядзе да абавязковага збліжэння нашых народаў», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

БЕЛТА