Понедельник, 11 ноября 2024

Лукашэнка аб недапушчальнасці падзяжу БРЖ: павінна стаўленне быць да нованароджанага цяляці, як да дзіцяці

37

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе выкараніць факты падзяжу буйной рагатай жывёлы ў гаспадарках, а з нядбайных арганізацый перадаваць цялят туды, дзе яны будуць належным чынам дагледжаны. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў у Бераставіцкім раёне пры наведванні буйнога комплексу па адкорме і ўтрыманні БРЖ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На жаль, у шэрагу гаспадарак застаецца праблема высокага падзяжу.

«Наогул не павінна быць падзяжу. Акрамя выключных выпадкаў. Трэба забіраць. Пакуль у іх (у нядбайных гаспадарках. — Заўвага БЕЛТА) не адпрацуюць тэхналогіі, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Чаму з нядбайных гаспадарак не прывезці яму жывёлу і не аддаць?! Ён не адмовіўся б. У тых, хто не ўмее ўтрымліваць цялят да месяца, — забіраць. Гэта жалезабетонна павінна быць».

Ён падкрэсліў, што гэта пытанне трэба аператыўна вырашыць, і на гэту тэму Аляксандр Лукашэнка больш не мае намеру размаўляць ні з кіраўніцтвам Мінсельгасхарча, ні з губернатарамі.

На ферме кіраўнік дзяржавы нагадаў аб сваім даручэнні перавесці за пяцігодку дойны статак у сучасныя малочнатаварныя комплексы. Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што неабходна ствараць добрыя ўмовы для ўтрымання і адкорму жывёлы.

«Нам трэба не тое каб падабрацца да нейкага адзінага тэхналагічнага працэсу, але вызначыцца», — сказаў ён.

У прадаўжэнне тэмы рэканструкцыі малочнатаварных ферм пад сучасныя малочнатаварныя комплексы Аляксандр Лукашэнка наведаў у «Алекшыцах» нядаўна пабудаваныя кароўнікі і будынак даільна-малочнага блока. Гэтыя аб’екты былі ўзведзены за год. Па праекце кошт будаўніцтва склаў Br13,7 млн. Аднак па факце чакаецца, што ён знізіцца да Br12,3 млн.

Асноўнае пытанне, што раней ужо даручаў Прэзідэнт, — вызначыць аптымальны варыянт як па функцыянале, так і па кошце. Без непатрэбнай эканоміі, але і не трацячы лішнія сродкі.

«А то мы палацы будуем, а не ведаем, колькі гэта каштуе», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз нагадаў, што трэба ўсё дакладна палічыць, паколькі на гэты момант кошт ад рэгіёна да рэгіёна істотна адрозніваецца. Напрыклад, як нядаўна дакладвалі Прэзідэнту, у Мінскай вобласці будаўніцтва малочнатаварнага комплексу каштуе Br10 млн.

Што датычыцца ў цэлым развіцця малочнай галіны ў Гродзенскай вобласці, то, паводле слоў губернатара Уладзіміра Караніка, за год значна павялічылася пагалоўе жывёлы, расце надой на адну карову.

Усяго ў гэтым годзе ў рэгіёне плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 15 малочнатаварных комплексаў (два ўжо ўведзены).

«Вось тое, што трэба рабіць. Старэнькая ферма. Паставіць даільны блок і два кароўнікі. А астатняе прыстасаваць пад цялят і адпаведнае», — рэзюмаваў Прэзідэнт.

БЕЛТА