Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ставіць задачу захаваць тэмпы эканамічнага развіцця ў краіне і рэгіёнах не горшыя за мінулы год. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Уладзімірам Каранікам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што раней азнаёміўся з абстаноўкай ва ўсходніх рэгіёнах краіны і напярэдадні сустракаўся з губернатарам Магілёўскай вобласці Анатолем Ісачанкам. Гэта размова ў тым ліку дапамагла выявіць шэраг недахопаў напярэдадні ўборачнай кампаніі. «Гэта характэрныя недахопы для Беларусі ў цэлым. Думаю, і для Гродзеншчыны ў гэтай сітуацыі. Мы сур’ёзна прааналізавалі наогул эканамічную сітуацыю вобласці», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Што датычыцца Гродзенскай вобласці, то Прэзідэнт канстатаваў, што за паўгоддзе, калі гаварыць аб традыцыйных паказчыках, сітуацыя вымушае жадаць лепшага. «І па валавым рэгіянальным прадукце, і па іншых паказчыках. Вядома, вы можаце сказаць, што база мінулага года ўсё ж такі была вышэйшая, чым у Магілёўскай вобласці, і прыбаўляць Гродзенскай вобласці складаней. Але пастаўлена задача, і яе трэба выконваць. Я не патрабую сёння ні ад урада, ні ад губернатараў, каб яны дабавілі па ВУП або ВРП 5-6 працэнтаў. Задача стаіць у гэтай сітуацыі захаваць тэмпы мінулага года, выйсці на ўзровень мінулага года», — заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Гродзенская вобласць патэнцыяльна магла б нават больш. «Баюся, што за астатнія паўгода ўжо вам будзе складана перасягнуць узровень мінулага года. Хаця ўсялякае магчыма. Але ўзровень мінулага года не па статыстыцы, а ў рэальным становішчы трэба дасягаць. Таму што для Гродзеншчыны гэта не характэрна, што яна ўпадзе нават на адзін або паўпрацэнта. Таму гэта задача для вас дасягальная», — сказаў Прэзідэнт.
Адной з галоўных тэм у ходзе рабочай сустрэчы была ўборачная кампанія, якая ўжо стартавала. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўмовы надвор’я крыху ўскладнілі ўборку, у тым ліку ў Гродзенскай вобласці, але катастрофы ў гэтым няма ніякай: «Таму што ў вас і кадры. Малайцы людзі. І падрыхтаваны вы да ўборкі як заўсёды лепш. Я ўпэўнены, што вы ўборку праведзяце так, як патрэбна. Але трэба ўсё ж такі ўлічваць гэту спрасаванасць (неабходнасць практычна адначасова выконваць шэраг работ. — Заўвага БЕЛТА). Азімы ячмень, рапс, потым трэба араць хутка, каб азімыя пасеяць, яравыя каласавыя трэба ўбраць своечасова».
Кіраўнік дзяржавы асабліва акцэнтаваў увагу на нарыхтоўцы кармоў і другім укосе траў, які, асабліва ў Гродзенскай вобласці, па аб’ёмах нават лепшы за першы. «Асабліва там, дзе паспелі падкарміць травы другога ўкосу. Трэба гэта ўзяць. Гэта будзе добры рэзерв і запас кармоў на будучыню. Таму што такія ўмовы надвор’я для траў наўрад ці ў нас яшчэ будуць. Я наогул не помню, каб так было. Ну як на заказ: папрасіў Госпада — ён табе дожджык падкінуў. Таму ўборка траў мяне цяпер вельмі насцярожвае ў сувязі з тым, што трэба каласавыя ўбіраць, рапс. Асноўная ўборка, а тут яшчэ травы. Але іх трэба ўзяць. Гэта асаблівасць», — сказаў Прэзідэнт.
Пэўную цяжкасць пры ўборцы выклікае і палегласць пасеваў, што характэрна ў тым ліку для Гродзенскай вобласці. «Вы гэта бачыце. Гэтак жа, як і на ўсходзе, ды і па ўсёй краіне адны і тыя ж праблемы. Але гэта праблемы адвечныя ў нас у Беларусі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка ў цэлым выказаў упэўненасць, што ў Гродзенскай вобласці ёсць усё неабходнае для якаснага правядзення ўборачнай кампаніі.