Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 8-9 мая зробіць рабочы візіт у Расійскую Федэрацыю. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
У Маскве 8 мая кіраўнік дзяржавы прыме ўдзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Гэты саміт стане юбілейным — у маі спаўняецца 10 гадоў з дня падпісання Дагавора аб стварэнні ЕАЭС. Мерапрыемства пройдзе ў вузкім і пашыраным складах. Чакаецца, што Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні на пасяджэнні абазначыць пазіцыю Беларусі па асноўных пытаннях парадку дня і выкажацца аб перспектывах далейшага развіцця еўразійскай інтэграцыі.
У першай палавіне дня 9 мая Аляксандр Лукашэнка на Краснай плошчы разам з іншымі запрошанымі лідарамі краін будзе прысутнічаць на ваенным парадзе ў азнаменаванне 79-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, а таксама прыме ўдзел у цырымоніі ўскладання кветак да Магілы Невядомага Салдата.