Воскресенье, 19 января 2025

Лукашэнка ўручыў дзяржузнагароды супрацоўнікам арганізацый сістэмы Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта

159

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды работнікам прадпрыемстваў і арганізацый сістэмы Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта. Урачыстая цырымонія адбылася 1 жніўня ў Палацы Незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы назваў гэту цырымонію ўручэння дзяржузнагарод асаблівай і ў нечым унікальнай, паколькі на яе сабраліся прадстаўнікі аднаго вялікага з’яднанага калектыву — Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, якое было створана 30 гадоў таму літаральна праз месяц пасля першых у гісторыі суверэннай Беларусі прэзідэнцкіх выбараў.

Тады, як нагадаў Аляксандр Лукашэнка, гэта было невялікае падраздзяленне, якое забяспечвала матэрыяльна-тэхнічнае суправаджэнне работы дзяржорганаў маладой незалежнай краіны.

Цяпер на карысць дзяржавы ў сістэме Кіраўніцтва справамі працуюць больш за 20 тыс. чалавек. У іх ліку — работнікі сфер ЖКГ, будаўніцтва, культуры, аховы здароўя, санаторыяў, гандлю, грамадскага харчавання, дыпсэрвісу, гасцініц. Асобна Прэзідэнт згадаў аб працы 6 тыс. аграрыяў, дзякуючы якой прадпрыемствы Кіраўніцтва справамі па многіх напрамках сельскагаспадарчай вытворчасці сталі лідарамі ў рэспубліцы. Адзначалася таксама работа супрацоўнікаў Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці, паколькі тысячы дабрачынных ініцыятыў і сацыяльна значных праектаў — гэта іх заслуга.

Аднак самае важнае, паводле слоў Прэзідэнта, што Кіраўніцтва справамі захоўвае нацыянальны здабытак Беларусі, бо менавіта гэта структура адказвае за сусветна вядомыя прыродныя брэнды краіны.

БЕЛТА