Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў нядзелю прадоўжыў працаваць на ўсходзе краіны. Кіраўнік дзяржавы прыехаў на агракамбінат «Юбілейны» ў Аршанскім раёне Віцебскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт вывучыў, як ідуць справы ў гаспадарцы, якія перспектывы развіцця, а таксама як выкананы даручэнні, дадзеныя ў ходзе папярэдніх візітаў. Гаварылі пра структуру агракамбіната, як развіваецца сацыяльная сфера, жыллёвае будаўніцтва. Цэнтральнае месца «Юбілейнага» — аграгарадок Бабінічы, дзе створаны ўсе ўмовы для жыцця, уключаючы добрую школу, дзіцячы сад, спартыўныя збудаванні.
«З гэтай мэтай аграгарадкі і ствараліся», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што важна, дзе ёсць неабходнасць, адрамантаваць дарогі да аграгарадкоў, каб была нармальная лагістыка.
«Калі ёсць газ, выгоды ўсе, шыкарная прырода — чаго не ісці (працаваць у гаспадарку. — Заўвага БЕЛТА)?» — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
«Шыкарная прырода. Плюс садзік, школа добрая, спартыўныя збудаванні адрамантавалі», — пацвердзіў дырэктар агракамбіната «Юбілейны» Аляксандр Фірсін.
Кіраўнік дзяржавы не ўпершыню прыехаў на гэты агракамбінат. Так, у чэрвені 2022 года Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся ў гаспадарцы з работай малочнатаварнага комплексу «Купалінка» і наведаў машынны двор. Тады абмеркавалі шэраг практычных пытанняў, уключаючы пакрыццё пляцоўкі, пошук аптымальнага рашэння для ацяплення майстэрняў у зімовы перыяд, каб было не толькі эфектыўна, але і незатратна. А ў ліпені мінулага года на рабатызаваным МТК «Паўлінка» размова ішла аб будаўніцтве тэхналагічных комплексаў.
На гэты раз Аляксандр Лукашэнка ў першую чаргу прыехаў на цэнтральны машынны двор. Пытанне захаванасці і належнага ўтрымання тэхнікі — адно з першарадных у аграрнай галіне.
Як далажыў Прэзідэнту Аляксандр Фірсін, была праведзена газіфікацыя машыннага двара, устанавілі інфрачырвоныя выпраменьвальнікі, зрабілі душавыя. Гэта значыць створаны камфортныя ўмовы для работы людзей і рамонту тэхнікі.
«Слухай, гэта ж палац», — ацаніў вынікі Прэзідэнт.
Падобны падыход выкарыстоўваўся і пры навядзенні парадку на іншым, менш буйным машынным двары гаспадаркі. Да пытання падышлі не толькі з пункту гледжання эфектыўнасці, але і разумнай эканоміі.
Аляксандру Лукашэнку таксама далажылі аб ходзе ўборачнай кампаніі ў гаспадарцы, дзе ўжо ўбрана 55 працэнтаў плошчаў, атрыманы добры ўраджай па збожжавых і па кармах.
Папярэднія два дні работы Прэзідэнта ў Шклоўскім раёне таксама былі прысвечаны сельскагаспадарчай тэматыцы. Спачатку на нарадзе ў Шклове абмеркавалі шляхі эфектыўнага развіцця сельгасвытворчасці на прыкладзе двух валаўтваральных раёнаў — Шклоўскага і Аршанскага. На наступны дзень кіраўнік дзяржавы сабраў асобную нараду ў аграгарадку Гарадзішча Шклоўскага раёна, каб дэталёва разгледзець мэтазгоднасць стварэння буйной інтэграцыйнай структуры з удзелам аграхолдынга «Купалаўскае». Адабрэнне атрымана. Але галоўнае, на што нацэльвае Аляксандр Лукашэнка, — гэта эфектыўная работа, навядзенне належнага парадку на ўжо існуючых магутнасцях і тэрыторыях, падтрыманне выканальніцкай і тэхналагічнай дысцыпліны.